Баранавіцкія актывісты адзначылі ўгодкі бітвы пад Мілавідамі
Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах адзначыла чарговыя ўгодкі бітвы пад Мілавідамі. Актывісты з’ездзілі ў Мілавіды, прыбралі ля помнікаў, паставілі кветкі, затым наведалі службу ў грэка-каталіцкай парафіі, дзе прайшла паніхіда па загінулых касінерах. Закончылі акцыю ў сядзібе ТБМ у Русіно.
Старшыня суполкі Мікалай Падгайскі лічыць, што шанаваць гістарычную памяць павінна як мага болей грамадзян Беларусі.
– Для нас, беларусаў, і тых людзей, што жывуць сёння ў Беларусі, праблема гістарычнай памяці – гэта праблема стварэння нацыі, праблема існавання дзяржавы.
Анэля Камбалава:
– Ушаноўваем памяць тых хлопцаў-беларусаў, якія загінулі дзеля Бацькаўшчыны. Каб не было іх, то, магчыма, не было б і нас.
Аляксандр Мех:
– Яны баранілі сваю Радзіму, сваіх родных, марылі пра лепшае жыццё.
22 траўня 1863 года расейскія войскі атакавалі лагер паўстанцаў Кастуся Каліноўскага пад Мілавідамі. Бой працягваўся некалькі гадзінаў. Калі стала цямнець, царскія войскі адступілі на зыходныя пазіцыі, страціўшы 50 чалавек. Паўстанцы таксама панеслі страты – 18 чалавек.
Так як поле бою засталося за паўстанцамі, яны сталі на гэтым полі пераможцамі. Забітыя паўстанцы і царскія вайскоўцы былі пахаваны на супрацьлеглых баках шашы.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы