Баранавіцкія актывісты ТБМ зладзілі талаку ля крыжа ахвярам рэпрэсій



Баранавіцкія актывісты Таварыства беларускай мовы арганізавалі традыцыйную талаку па прыборцы тэрыторыі ля крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Менавіта дэмакратычная грамадскасць Баранавіч трымае ў парадку тэрыторыю ля крыжа з надпісам “Ахвярам гвалту 1939-1953”, кажа старшыня Таварыства Мікалай Падгайскі:

Мы, як звычайна вясной, прыбралі лісце, падмялі, ускапалі зямельку прывезлі многа кветак, пасадзілі дадатковых да таго, то там было. Памаліліся, быў айцец Яўген, так што ўсё ў парадку.

Паводле Мікалая Падгайскага, радуе тое, што сёлета да талакі далучыўся баранавіцкі жыхар, які прапанаваў сваю дапамогу, калі ішоў міма крыжа пакут.

Вялікі крыж-помнік ахвярам сталінскім рэпрэсій быў усталяваны актывістамі ў цэнтры Баранавічаў у 1992 годзе. Аднак потым КДБ уначы патаемна перавёз яго на тэрыторыю былой турмы “Крывое кола”. У якой НКВДшнікі расстралялі некалькі тысяч чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя