Баранавіцкія актывісты ўшанавалі памяць ахвяр сталінскага тэрору
Баранавіцкія дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць закатаваных і загінулых у Баранавіцкай турме НКУС “Крывое кола”. Яны, нягледзячы на асенні дождж і моцны вецер, упарадкавалі тэрыторыю ля крыжа «Ахвярам гвалту 1939–1953 гадоў». Пасля прыборкі тэрыторыі ля крыжа былі запалены знічы, ускладзены кветкі. Людзі памаліліся, пачыталі вершы, падзяліліся ўспамінамі, кажа Уладзімір Гундар — баранавіцкі каардынатар руху “За свабоду”:
– У 1939 годзе, калі прыйшлі бальшавікі, першае, што яны пабудавалі, – менавіта гэтую турму. Ім патрэбны былі турмы, іх было мала ім. Нягледзячы на тое, што турма ў нас была, але для бальшавіцкага тэрору гэтай турмы было замала. У гэтых турмах катавалі не толькі беларусаў, але і палякаў, і габрэяў, аднак пераважная большасць была беларусы.
Паводле Гундара, ушанаванне памяці нявінна забітых падчас сталінскіх рэпрэсій дэмакратычнай грамадскасцю стала ў Баранавічах ужо традыцыйным. Крыж быў усталяваны 28 кастрычніка 1990 года баранавіцкай грамадскасцю на месцы сталінскай турмы “Крывое кола”.
Напярэдадні Дзядоў у 90-м годзе ля касцёла сабралася каля трох тысяч чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Ксёндз асвяціў крыж, і мужчыны на руках панеслі яго баранавіцкімі вуліцамі.
[Not a valid template]
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя