Баранавіцкія медыкі б’юць трывогу



У Баранавіцкай раённай паліклініцы з 7 лекараў агульнай практыкі, якіх накіроўвалі працаваць у інфекцыйны кабінет, засталася адна загадчыца на ўсё аддзяленне. Пяцёра захварэлі, шостая – пенсіянерка – звольнілася пасля смерці калегі, на правах ананіма паведаміў работнік паліклінікі:

– Напісала заяву на звальненне, таму што працуе за дваіх, а плацяць за аднаго. Яна сказала: я яшчэ пажыць хачу.

Паводле медыка, калектыў спадзяецца, што на дапамогу прыйдзе загадчык паліклінікі Мікалай Фядзько з жонкай – яны па спецыяльнасці ўрачы агульнай практыкі. Наконт такога варыянту добры прыклад быў у царскай арміі:

– Афіцэры царскай арміі ішлі ў атаку для таго, каб падняць дух сваіх салдат. Яны станавіліся на чале самі і ставілі побач сваіх сынў. Яны паказвалі салдатам – на смерць вяду самага блізкага. А што ж вы нас кідаеце на смерць, а самі сядзіце ў кабінетах і не высоўваеце носа?

Пасля смерці лекаркі Алены Пашко, медыкі паліклінікі панікуюць і баяцца. Вельмі крыўдна, што прыйшлося працаваць ў інфекцыйным кабінеце амаль увесь красавік без неабходных сродкаў абароны – толькі ў масках і пальчатках. Адсюль такія вынікі. І зараз не хапае дызраствораў, а ў кабінетах агульнай практыкі медыкі па-ранейшаму абаронены слаба.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы

Фота gp.by