Баранавіцкія ўлады дазволілі святкаванне Дня Волі
Баранавіцкія ўлады 16 сакавіка далі дазвол на правядзенне святочных мерапрыемстваў у цэнтры горада 25 сакавіка, да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемствы святкавання чыноўнікам прапанавала апазіцыя, кажа сябра руху “За свабоду” Юрый Казакевіч:
– Я ім расказаў, што мы хочам зрабіць свята з народнымі майстрамі, з канцэртам, фотазонай, выставай гістарычных фотаздымкаў. Яшчэ будзе кароткі мітынг і выступ гісторыка.
Па словах Казакевіча, арганізатары свята павінны самастойна аплаціць паслугі міліцыі, медыкаў і камунальнікаў:
– У адказе было напісана, што я мушу аплаціць паслугі арганізацый, якія будуць абслугоўваць мерапрыемства. У пятніцу мне не ўдалося даведацца суму ні ў адной з арганізацый. Адклалі на панядзелак. Па-сутнасці, нам прапанавалі купіць гэтае свята ў горада.
У рэгіёнах святкаванне стагоддзя БНР дазволілі таксама у Берасці, Гародні і Лідзе. Прычым, тут улада ўзяла аплату паслугаў на сябе.
Беларускае Радыё Рацыя