Барацьба супраць ушчыльнення забудовы ў Гомелі



У Гомелі жыхары мікрараёна Стары Аэрадром выступаюць супраць пабудовы трох шматпавярховых дамоў.

aerodrom

З траўня месяца доўжыцца канфлікт паміж грамадзянамі і ініцыятарамі праекту ўшчыльнення забудовы. Незадаволеныя планамі гарадскіх уладаў людзі сабралі 700 подпісаў і пабывалі на прыёме ў намесніка старшыні гарвыканкама. Аднак атрымаць уцямнага адказу на пытанні, якія хвалююць грамадзянаў, дагэтуль не ўдалося. Гамяльчанка Ірына Азаронак заўважае, што жыхары раёна Стары Аэрадром лічаць праект ушчыльнення забудовы злачынствам.

„У нас вуліца – усяго пяцьсот метраў. Тут знаходзяцца сярэдняя школа №8, сярэдняя школа №30, спартовая школа №3, два дзіцячых садочка, школа для дзяцей з праблемамі слыху, дзіцячая бібліятэка… Мы ўвогуле лічым рашэнне аб будаўніцтве шматпавярховікаў менавіта ў гэтым дзіцячым раёне злачынствам. Звычайна робіцца як? Спачатку будуюцца жылыя дамы, а потым ужо аб’екты сацыяльнага прызначэння. Тут жа атрымліваецца наадварот, бо будоўля размесціцца каля дзіцячых установаў”, – тлумачыць Ірына Азаронак.

Гараджане непакояцца, што ў выніку пабудовы шматпавярховых дамоў будзе знішчаная зялёная зона ўздоўж вуліцы Цімафеенкі. Пенсіянер Анатоль Ільінчык непакоіцца тым, што ў выніку рэалізацыі праекта па ўшчыльненні забудовы пагоршацца ўмовы жыцця.

„Мяне хвалюе тое, што людзі не ўбачаць белага свету пасля з’яўлення шматпавярховых дамоў. А яшчэ высякуць больш за 70 старых дрэваў, прыбяруць дзіцячыя пляцоўкі, створаць праблемы для дзіцячых садкоў, справакуюць скопішча машынаў… Усе гэтыя пытанні паўстануць вельмі востра”, – падсумоўвае Анатоль Ільінчык.

Аўтары калектыўнага звароту да гарадскіх уладаў звяртаюць увагу на тое, што ў раёне жыхары раз-пораз сутыкаюцца з перабоямі электрычнасці і водазабеспячэння. Паводле іх меркавання, састарэлыя камунікацыі таксама не пацягнуць з’яўлення новых шматкватэрных дамоў.

Намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Павел Паўлаў матывуе неабходнасць ушчыльнення забудовы ў гомельскім мікрараёне Стары Аэрадром патрэбай у жыллёвых плошчах для інвалідаў і шматдзетных сем’яў. Аднак жыхары раёна падазраюць, што насамрэч на месцы зялёнай зоны будзе пабудаванае камерцыйнае жытло.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель