“Баравічок” слухаў беларускія вершы і песні
Дзіцячы санаторый “Баравічок” Дзятлаўскага раёна ў панядзелвак, 15 студзеня, наведалі цікавыя госці – пісьменнік, гісторык і краязнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын, журналіст і бард з Менску Зміцер Бартосік і грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч.
У санаторыі “Баравічок” вучацца і папраўдяюць сваё здароўе школьнікі з розных куткоў Беларусі, але найбольш з Гарадзеншчыны, Берасцейшчыны і Менску. Падобная сустрэча з творчымі людзьмі Беларусі ў іх адбылася ўпершыню.
Сяргей Чыгрын пазнаёміў школьнікаў з рознымі выданнямі беларускіх кніг – ад мініяцюрнай да самай вялікай, і з тымі, якія выдаваліся ў Вільні ў 1920-х —1930-х гадах, а таксама адказаў на пытанні школьнікаў. Госць таксама правёў літаратурную віктарыну “Як мы ведаем беларускіх пісьменнікаў?”. Пераможцы атрымалі ад гасцей значкі і паштоўкі на памяць пра сустрэчу.
Валерый Петрыкевіч распавёў тым, хто жыве ў “Баравічку”, пра літаратурную Дзятлаўшчыну, у прыватнасці нагадаў пра Ігната Дварчаніна, Вячаслава Адамчыка, Віктара Шымука. А Зміцер Бартосік зачараваў усіх бардаўскімі песнямі, якія гучна падтрымліваліся апладысментамі і добрым настроем.
Адміністрацыя “Баравічка” шчыра падзякавала гасцям і папрасіла часцей беларускім літаратарам наведваць іх установу.
[Not a valid template]
Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён
Фота аўтара