Нашага журналіста не пускалі на ўзнагароджанне Баршчэўскага, Чыквіна і Шведа (абноўлена)



Нашаму журналісту не дазволілі зрабіць рэпартаж з цырымоніі ўручэння ордэнаў Францыска Скарыны.

У беларускай амбасадзе ў Варшаве адбылася цырымонія ўручэння ўзнагародаў выбітным беларусам з Падляшша – прафесарам Аляксандру Баршчэўскаму ды Яну Чыквіну, а таксама паэту, перакладчыку і грамадскаму дзеячу Віктару Шведу.

Наш карэспандэнт Адам Завальня хацеў зрабіць матэрыял з гэтай падзеі, аднак супрацоўнікі амбасады не далі такой магчымасці:

– На ўваходзе ў Амбасаду Рэспублікі Беларусь мяне паінфармавалі, што ўваход на імпрэзу магчымы толькі з адмыловым запрашэннем. Я запрашэння не меў, але спадар Эдуард Швайко, старшыня Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве, пасля ўзгаднення з паслом Беларусі ў Польшчы ўсё ж такі дазволіў мне ўвайсці… Праўда, мне паставілі ўмову: для таго, каб увайсці, я меў здаць усю тэхніку, у тым ліку дыктафон і фотакамеру, што не дазволіла мне зрабіць рэпартаж.

Па маіх назіраннях, сапраўды, на цырымонію было запрошана вельмі шмат людзей, а ўся вуліца перад амбасадай была застаўлена машынамі з дыпламатычнымі нумарамі.

* * *

Прафесары Аляксандр Баршчэўскі і Ян Чыквін, а таксама паэт Віктар Швед атрымаюць з рук амбасадара Беларусі ў Польшчы Аляксандра Авер’янава ордэны Францыска Скарыны.

Урачыстасць пройдзе ў будынку беларускай амбасады ў Варшаве з удзелам высокапастаўленых прадстаўнікоў Міністэрства культуры Беларусі, а таксама прадстаўнікоў бізнеса, сказаў старшыня Беларускага культурнага цэнтра ў Варшаве Эдуард Швайко:

– Гэта будзе ўрачыстая цырымонія, ад імя прэзідэнта Беларусі ўзнагароды ўручыць надзвычайны паўнамоцны пасол Беларусі ў Польшчы спадар Аляксандр Авер’янаў. Узнагарода ўручаецца па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў, па ініцыятыве амбасады Беларусі ў Польшчы, пасля ўзгаднення былі перададзены ў амбасаду для афіцыйнага ўручэння.

У верасні кіраўнік Беларусі падпісаў указ пра ўзнагароджанне ордэнам Францыска Скарыны прафесара кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта Аляксандра Баршчэўскага і паэта, перакладчыка ды грамадскага дзеяча Віктара Шведа.

Прафесар Аляксандр Баршчэўскі і Віктар Швед атрымалі ордэны за папулярызацыю беларускай культуры, мовы і літаратуры ды значны асабісты ўнёсак у развіццё міжкультурных сувязяў, а таксама за ўмацаванне добрасуседскіх дчыненняў паміж Беларуссю і Польшчай.

Медалём Францыска Скарыны быў узнагароджаны старшыня беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” прафесар Ян Чыквін.

Валянціна Лаеўская, Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя