Баршчэўскі, Колас і Лозка прадставілі ў Гародні новыя кнігі



Выкладчыкі Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Колас і Алесь Лозка прадставілі ў Гародні, у Цэнтры гарадскога жыцця новыя кнігі, якія можна назваць альтэрнатыўнымі падручнікамі. Кніга Лявона Баршчэўскага мае назву “Словы і вобразы” На падставе аналізу канкрэтных твораў розных часоў і народаў разглядаюцца найважнейшыя этапы станаўлення літаратуры і мастацтва – ад старажытнасці да канца эпохі Адраджэння. Алесь Лозка распавядаў пра беларускі фальклор.

Пра сустрэчу кажа адзін з Арганізатараў і мадэратараў сустрэчы Уладзімір Колас:

Нам удаецца выпускаць кнігі такога адукацыйнага асветніцкага кірунку. Мы не можам называць іх падручнікамі, бо падручнікі трэба зацвярджаць у Мінадукацыі і гэта цэлая бюракратычная працэдура. Тым не менш гэтыя кнігі перадусім накіраваныя на вучнёўскую аўдыторыю, прызначаныя для беларускай школы. Іх можна лічыць такімі альтэрнатыўнымі, дадатковымі падручнікамі.

Для актывіста Таварыства Беларускай мовы Алеся Кроя гэтая сустрэча з’яўляецца вельмі знакавай.

Такія сустрэчы вельмі цікавыя асабліва для нашых настаўнікаў, якія працуюць ці працавалі ў школе. Таму што гэта падмурак беларускай школы, які закладаўся ў 90я гады. Ствараюцца новыя метадычныя кнігі, дапаможнікі. Дзясяткамі, невялікім калектывам настаўнікаў, выкладчыкаў. Гэта, я лічу, вялікі подзвіг дырэктара ліцэя і ўсіх гэтых людзей.

Cустрэча пра беларускую школу і альтэрнатыўныя падручнікі працягвалася некалькі гадзін. А пасля сустрэчы усе прысутныя атрымалі альтэрнатыўныя падручнікі ў якасці падарункаў.

Беларускае Радыё Рацыя