Барыс Гарэцкі: Чакаць лёгкіх прысудаў журналістам не выпадае



У чэрвені адбудзецца сем судоў над нашымі журналістамі. 28 журналістаў зараз знаходзяцца ў зняволенні. Пра пераслед незалежных медыя паразмаўлялі ў нашым эфіры з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім.

РР: Суд над журналісткай Ірынай Слаўнікавай пачнецца 23 чэрвеня. Абвінавачанне дастаткова стандартнае, але дадаецца кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта даволі сур’ёзнае абвінавачанне.

Барыс Гарэцкі: Усе абвінавачанні супраць журналістаў надуманыя. Ніхто з журналістаў не рабіў нічога крымінальнага. І ўсе, хто знаходзіцца за кратамі па крымінальных артыкулах, прызнаныя палітвязнямі. Што тычыцца Іры – гэта выдатная журналістка, выдатны чалавек. Яна доўгі час прадстаўляла “Белсат” у Беларусі, увосень яна вярнулася ў краіну і была затрыманая разам з мужам. Мужа вызвалілі, а Іру пасадзілі па крымінальным 342 артыкуле. У той час, калі яна была за кратамі, “Белсат” прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Чалавек у момант прызнання быў за кратамі, але яго вінавацяць якраз такі ў тым, што ён стварыў, удзельнічаў альбо кіраваў чым канкрэтна, мы не ведаем, але па гэтым артыкуле ён прымаў удзел у экстрэмісцкім фармаванні.

На жаль, чакаць зараз нейкіх лёгкіх прысудаў не выпадае. Літаральна па гэтым жа артыкуле на мінулым тыдні Андрэю Кузнечыку – журналісту “Радыё Свабода” закрыты суд у Магілёве (узгадваем сталінскія часы) прысудзіў 6 гадоў зняволення. Відаць ва ўладаў ёсць злосць, агрэсія на медыя. У гэтым месяцы тры суды па экстрэмісцкіх фармаваннях. І белапанаўцаў, і Кузнечыка, і Ірыну Слаўнікаву вінавацяць у тым, што журналісты стварылі экстрэмісцкае фармаванне, якое называецца так як іх медыя.

Слухайце гутарку ў далучаным файле

Беларускае Радыё Рацыя