Барыс Гарэцкі: Ідзе расправа з незалежнай прэсай
У Гародні каля дома затрыманы галоўны рэдактар інтэрнэт-партала Hrodna.life Аляксей Шота.
Дома ў яго адбыўся агляд, забралі аргтэхніку. Затрыманне калегі каментуе намеснік старшыні грамадскага аб’яднання „Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыс Гарэцкі:
– На жаль мы жывем сёння ў такой сітуацыі, літаральна кожны дзень затрымліваюць кагосьці з журналістаў. Унутры краіны не засталося рычагоў уплыву на гэтыя адвольныя затрыманні. Улада распраўляецца з прэсай, прычым напады адбываюцца, як на асобных журналістаў, так і на цэлыя рэдакцыі. Спачатку пад раздачу трапілі цэнтральныя медыі, потым пад хвалю ціску трапілі рэгіянальныя выданні.
Па яго словах, расправа над прэсай ідзе па ўсёй краіне:
– Цяпер такія вось напады праходзяць у Менску і ў рэгіёнах. Гэта проста расправа з незалежнай, з праўдзівай журналістыкай. Улады зараз проста распраўляюцца з нашымі калегамі, шукаючы любыя зачэпкі для таго, каб прыцягнуць журналістаў, рэдактараў да адказнасці і розных спраў.
Папярэдне вядома, што міліцыяй „выяўлены факт размяшчэння сайтам інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай ва ўстаноўленым парадку экстрэмісцкай”. Паводле звестак міліцыі, і на гэты раз гаворка ідзе пра прадукцыю аднаго і таго ж тэлеграм-канала.
Беларускае Радыё Рацыя