Барыс Гарэцкі: Навошта гэтая жорсткасць?
Журналістка едзе па этапу: такі вось здзек. Кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Напярэдадні стала вядома, што журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч перавялі з Жодзіна ў СІЗА Магілёва. Імаверна, пасля Магілёўскага СІЗА Кацярыну этапуюць у калонію ў Гомелі, а скончыцца яе тэрмін пакарання 19 траўня.
Логіку такога ўчынку беларускіх уладаў каментуе Барыс Гарэцкі:
– Ты неўзабаве выйдзеш, а тут на цябе звальваецца выпрабаванне, якое можа пацягнуць вельмі сур’ёзныя наступствы падчас гэтага этапу. Ніхто за цябе не будзе клапаціцца. Этап – гэта вельмі жорсткае выпрабаванне. І вельмі сумна, што ўлады прымаюць такія меры. Можна ўжо было спыніцца. Дзяўчына адсядзела тэрмін. Адсядзела абсалютна ні за што. Навошта распраўляцца? Навошта гэтая жорсткасць? Усё гэта робіцца для таго, каб чалавек памятаў, баяўся паўтарэння, заўсёды ўзгадваў унутры сябе.
Кацярыну Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў зняволенне за разгалошванне медычнай таямніцы, менавіта яна апублікавала дакументы, якія пацвярджалі, што забіты на Плошчы перамен Раман Бандарэнка не быў п’яны. Праваабаронцы прызналі журналістку палітвязнем.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя