Барыс Гарэцкі: Прысуд Слаўнікавай – чарговая расправа над журналістамі



Прагучаў прысуд Ірыне Слаўнікавай. Журналістку польскага тэлеканала TVP асудзілі на 5 гадоў калоніі. Пры гэтым пракурор прасіла для яе 4 гады зняволення. Крымінальную справу разглядаў Гомельскі абласны суд (суддзя — Мікалай Доля). Слаўнікава знаходзіцца за кратамі з кастрычніка 2021-га. У лістападзе 2021-га беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Гэта чарговая банальная расправа над журналістамі, пракаментаваў прысуд ў нашым эфіры намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

-Улада набрала пэўную колькасць закладнікаў – палітычных вязняў. 29 з іх – журналісты. Зараз улады карыстаюцца тым, што людзі ўжо за кратамі і можна выносіць прысуды, накідваць новыя артыкулы. Фактычна людзі знаходзяцца цалкам у залежнасці ад рэпрэсіўнай машыны. Наш заклік адмяніць прысуд – гэта хутчэй крык душы, заклік да міжнароднай супольнасці звяртаць увагу на сітуацыю у Беларусі.

Бо ніякіх іншых рычагоў уплыву ўнутры Беларусі не засталося, кажа Барыс Гарэцкі. Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае адмяніць прысуд Ірыне Слаўнікавай, а таксама неадкладна вызваліць іншых прадстаўнікоў медыя, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі.

Ірыну Слаўнікаву прызналі вінаватай у „стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім” і ў „арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх”.

Цалкам гутарка ў далучаным гуквым файле:

Беларускае Радыё Рацыя