Барыс Хамайда: Не выкідайце беларускія кніжкі!



У віцебскага распаўсюдніка незалежных СМІ Барыса Хамайды пашырыўся асартымент выданняў, якія ён прапануе: гэта кнігі беларускіх аўтараў, прычым некаторыя з іх – рарытэтныя.

Спадар Хамайда тлумачыць гісторыю іх з’яўлення:

– Адна беларуска з’язджае за мяжу, а ў яе тут багатая бібліятэка беларускамоўных выданняў. Яна мне і прапанавала: можа, камусьці спатрэбяцца, сярод свядомых, зацікаўленых беларусаў. І я лічу, што яна добрую справу зрабіла – іншым разам бачу, што кніжкі выкідваюць на сметнік. А яны ж зараз дорага каштуюць у крамах. Тыя, што мне перадалі, яны ў добрым стане. Гаспадыня мне прапанавала, і я вырашыў гэтым заняцца.

Кнігі, якія гатоў перадаць ахвотным Барыс Хамайда, – гэта і выданні беларускіх аўтараў 1960-70 гадоў, у тым ліку творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, і сучасныя творы. А таксама пераклады на беларускую мову замежных пісьменнікаў.

Распаўсюднік мяркуе, што аматары друкаванай літаратуры знойдуцца, нягледзячы на даступнасць электронных бібліятэк. Штодня ён прыносіць 10-12 кніг, і плануе раз на тыдзень абнаўляць “кніжную палічку”. Тое, што застанецца нераздадзеным, ён збіраецца перадаць у букіністычную краму.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя