Барыс Хамайда: У нас шмат дахаў і комінаў для нашых сцягоў
На думку найстарэйшага віцебскага апазіцыянера, “партызанскія акцыі” з вывешваннем бел-чырвона-белых сцягоў – гэта традыцыя, закладзеная яшчэ легендарным Міронам.
25 гадоў таму нацыянальны сцяг быў узняты ў райцэнтры Лёзна, на 50-метровым коміне кацельні. Гэта быў знак пратэсту супраць скасавання дзяржаўнага статусу нацыянальнай сімволікі. З тае пары бел-чырвона-белыя сцягі з’яўляліся на Віцебшчыне рэгулярна, час ад часу да іх была прымацавана цыдулка са зваротам да землякоў і подпісам “Мірон”. І з часам гэтае імя стала збіральным вобразам бясстрашнага змагара, які ўздымае бел-чырвона-белыя сцягі ў самых цяжка даступных месцах.
Сёння справа Мірона працягваецца, калі людзі вывешваюць нацыянальныя сцягі на сваіх гаўбцах, у сваіх дварах. І яе варта працягваць, кажа Барыс Хамайда:
– Зараз кажуць, што ўсё гэта пачалося цяпер, у 2020-м годзе. Не! Трэба было ўкінуць зерне ў 1995-м, і цяпер яно дае плён вось гэтага ўсяго. І гэта варта рабіць, абавязкова! Шмат комінаў, шмат дрэваў – рабіце справу! Каб людзі бачылі, што жыве наша Беларусь.
Паводле Барыса Хамайды, нацыянальныя сцягі ёсць адзнакай незалежнасці краіны. І справа Мірона мусіць працягвацца да тае пары, пакуль у вольнай Беларусі зноўку не будуць прызнаныя на дзяржаўным узроўні бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск