Барыс Хамайда ўшаноўвае памяць Каліноўскага ў Віцебску
Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер выйшаў у цэнтр гораду, на вуліцу Леніна, пад бел-чырвона-белым сцягам і з плакатам.
На ім напісана, што сёння ў Вільні адбываецца перапахаванне Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў – удзельнікаў паўстання 1863-64 гадоў.
Барыс Хамайда тлумачыць, што такім чынам ён выказвае салідарнасць з тымі, хто развітваецца сёння з нацыянальнымі героямі:
– Больш за паўтара стагоддзі мы не ведалі, дзе пахаваны наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі. І ў мяне сёння няма магчымасці быць там, на перапахаванні ў Вільні. І таму я выйшаў тут – з такім тлумачальным плакатам і пад бел-чырвона-белым сцягам.
Мінакі спыняліся, чыталі надпіс на плакаце. Іхную ўвагу прыцягваў бел-чырвона-белы сцяг, які лунаў у цэнтры гораду. Барыс Хамайда наважыўся выйсці з ім, нягледзячы на тое, што сёння ў Віцебску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка, і на вуліцы як ніколі шмат міліцыі. Бо ён лічыць, што ўшанаванне памяці нацыянальных герояў Беларусі найважней за любыя акалічнасці – нават за пагрозу быць затрыманым.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
