Барыс Хамайда: Ён глядзіць на Беларусь з нябёсаў
15 гадоў таму пакінуў гэты свет легендарны віцебскі апазіцыянер Уладзімір Плешчанка. Ён пайшоў з жыцця раптоўна, у 57 гадоў, ягонае сэрца спынілася на падворку бацькоўскай сядзібы ў вёсцы Вароны Віцебскага раёна – менавіта там, дзе ён зрабіў свае першыя крокі…
Уладзімір Плешчанка быў старшынём Віцебскай рады Беларускага Народнага Фронту, кіраўніком абласной арганізацыі Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ. Але жыхары Віцебску ведалі яго найперш па пікетах каля так званага “сіняга дома” – дома №28 па вуліцы Леніна, пафарбаванага ў незвычайны для гарадскога крыявіду колер. Разам са сваім сябрам, цяпер найстарэйшым апазіцыянерам Барысам Хамайдам, Уладзімір Плешчанка выходзіў у цэнтр горада, не баючыся нападкаў палітычных апанентаў, рызыкуючы трапіць пад арышт або штраф. Уздымаючы бел-чырвона-белы сцяг, яны маглі толькі марыць пра тое, што такіх сцягоў на віцебскіх вуліцах будуць сотні, кажа Барыс Хамайда:
– Мы з ім марылі, каб убачыць хаця б 100 чалавек з бел-чырвона-белым сцягам. А тут былі не сто чалавек, а сотні і тысячы. І значыць, тая справа, якую ён фактычна распачынаў у 1990-я, працягваецца. І каб ён гэта толькі бачыў! А ён, напэўна, бачыць гэта з нябёсаў! І ён радуецца.
Уладзімір Плешчанка меў хворае сэрца, якое балела і за Беларусь, на якую ён цяпер глядзіць з нябёсаў. Пахавалі апазіцыянера на ягонай малой радзіме, а грошы на помнік збіралі грамадой – у Віцебску, у Менску, у замежжы.
Магілу Уладзіміра Плешчанкі сябры штогод адведваюць на Дзяды, схіляючы над ёй бел-чырвона-белы сцяг.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск