Барыс Хамайда “загрувашчваў вуліцу”



Найстарэйшы  віцебскі апазіцыянер  і распаўсюднік незалежнай прэсы быў затрыманы  апоўдні, а праз дзве гадзіны яго адпусцілі з Чыгуначнага РАУС, склаўшы пратакол.

Паводле Барыса Хамайды, сённяшні дзень нічым не адрозніваўся ад іншых: як заўжды, ён выйшаў на вуліцу Леніна, расклаў каля дому №28 свой столік пад бел-чырвона-белым парасонам. На століку, як заўжды, ляжалі газеты, часопісы, кнігі.

З’яўленне міліцыі было нечаканым, кажа спадар Хамайда:

– Пад’ехала машына, з яе выйшаў палкоўнік міліцыі. Мне было загадана сысці, але я адмовіўся. Тады мне загадалі збірацца ў пастарунак, склалі маёмасць у багажнік, павезлі ў Чыгуначны РАУС. Што дзіўна: калі мяне затрымлівалі, то казалі, нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне. А ў міліцыі склалі пратакол паводле арт. 21.14 КаАП ( парушэнне парадку ўтрымання населеных пунктаў). Нібыта я са сваім столікам і парасонам „загрувашчваю вуліцу”.

Барыс Хамайда дадае, што за колькі хвілінаў да затрымання ён даваў інтэрв’ю незалежнаму журналісту, і гаворка ішла пра Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка. У пастарунку апазіцыянеру яшчэ раз нагадалі пра гэту дату.

– Калі я спытаў, за што ж мяне затрымалі, міліцыянт, які складаў пратакол, усміхнуўся: “Ну, дык заўтра ж Дзень Канстытуцыі”. Вядома, пратакол падпісваць я не стаў, – распавёў Хамайда.

Паводле Асноўнага закону Рэспублікі Беларусь, грамадзянам гарантуецца захаванне іхных правоў. У тым ліку права на выказванне ўласнага меркавання і права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

За тое што Барыс Хамайда трымае ў цэнтры Віцебску “выспу свабоды” пад сваім бел-чырвона-белым парасонам, яму цяпер пагражае штраф  памерам  да 5 базавых велічынь. Пратакол, складзены на яго 14 сакавіка, будзе разглядацца або кіраўніцтвам райаддзелу міліцыі Чыгуначнага раёну, або камісіяй пры раённай адміністрацыі.

Да гэтага інцыдэнту Барыса Хамайду  не затрымлівалі на працягу некалькіх месяцаў: апошні раз міліцыянты мелі да яго прэтэнзіі летась у чэрвені , перад адкрыццём “Славянскага Базару ў Віцебску”.

Ганна Ліпка, для Беларускага Радыё Рацыя з Віцебску