Барыс Пятровіч: Пакуль улада саджае паэтаў, дрэвы разам з ёй саджаць не выпадае
Судом Ленінскага раёна горада Менска 1 лістапада на дзесяць сутак арышту асуджаны паэт, сябра Рады ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Уладзімір Някляеў. Сёння ж дзяржаўны Саюз пісьменнікаў Беларусі, які ўзначальваецца Мікалаем Чаргінцом, запрасіў СБП 2 лістапада разам саджаць дрэвы ў новаадкрытым Парку пісьменнікаў непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Нягледзячы на абсурднасць абвінавачвання і на вядомыя суду яго праблемы са здароўем, Уладзімір Някляеў асуджаны на дзесяць сутак зняволення.
Сітуацыю каментуе старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч: “З вуснаў міністра ўнутраных спраў мы чуем размовы пра “жэстачайшую лібералізацыю”, а ў той жа час вядомага творцу, немаладога ўжо чалавека, саджаюць у ізалятар за інтэрв’ю для журналістаў. Нават не за ўдзел у акцыі ці заклік ісці на яе, а за выказанае ім прыватнае меркаванне пра сітуацыю ў Беларусі. У той жа час праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі запрашае нас разам саджаць дрэвы ў Парку пісьменнікаў каля Нацыянальнай бібліятэкі. Зразумела ў гэтай сітуацыі мы не можам прыняць такую прапанову, бо яна выглядае блюзнерствам. Калі ўлады саджаюць у ізалятар пісьменнікаў і сяброў нашай Рады, мы не можам саджаць дрэвы разам з Чаргінцом”.
Нагадаем, што ўлетку Менгарвыканкам падтрымаў ініцыятыву Саюза пісьменнікаў Беларусі назваць парк каля Нацыянальнай бібліятэкі паркам Пісьменнікаў. Афіцыйнае адкрыццё парку адбудзецца заўтра, 2 лістапада.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота budzma.org