Барыса Хамайду аштрафавалі за віншаванне з Днём Волі



Віцебскі грамадскі актывіст 70-гадовы Барыс Хамайда аштрафаваны на адну базавую велічыню за віншаванне грамадзян з Днём Волі.

Як паведамляе spring96.org, адміністрацыйную справу ў дачыненні да яго на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) 12 красавіка разгледзеў суд Чыгуначнага раёна Віцебска.

Падставай для складання пратакола стала віншаванне жыхароў абласнога цэнтра са 100-годдзем БНР: актывіст вывесіў на сваім балконе некалькі расцяжак з лозунгамі і віншаваннямі.

Барыс Хамайда, пачынаючы з 1997 года, практычна кожны дзень распаўсюджвае ў цэнтры Віцебска незалежныя газеты, улёткі, нацыянальную сімволіку. Яго неаднаразова затрымлівалі і каралі ў адміністрацыйным парадку за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах і проста па надуманых падставах.

Барыс Хамайда з’яўляецца ганаровым членам Праваабарончага цэнтра „Вясна”.

Фота Алены Сцяпанавай