Барыса Хамайду аштрафавалі „за загрувашчванне вуліцы”



Пастанову пра штраф вынесла адміністрацыйная камісія Чыгуначнага райвыканкаму паводле пратакола, складзенага на распаўсюдніка незалежнай прэсы 30-га красавіка.

У той дзень нічога незвычайнага не адбывалася: як заўжды, Барыс Хамайда выставіў каля “сіняга дому” свой столік пад бел-чырвона-белым парасонам, расклаў часопісы ды газеты. Але загадчыца бліжэйшай крамы выклікала міліцыю.

Пастанову пра штраф даслалі па пошце, распавёў Барыс Хамайда:

-Камісія мяне двойчы выклікала, але я туды не хадзіў, бо лічу, што гэтая ўлада нелегітымная. У суботу мне прыйшоў пакет, а ў ім пастанова, што далі адну базавую велічыню штрафу. Плаціць не буду добраахвотна, няхай вылічваюць з пенсіі тую адну базавую, гэта 25. 50.

У сакавіку і красавіку гэтага году пратаколы за загрувашчванне вуліцы на Барыса Хамайду складалі тройчы. Два з іх скасавалі, бо не знайшлі доказаў супраць распаўсюдніка. Штраф па трэцім пратаколе далі мінімальны: санкцыя артыкула 21.14 КаАП (парушэнне парадку ўтрымання населеных пунктаў) прадугледжвае штраф памерам да 5-ці базавых велічынь.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя