Барыса Хамайду асудзілі на 8 сутак



Пра гэта паведамілі сябрам найстарэйшага віцебскага апазіцыянера, якога затрымалі ўчора апоўдні. Барыс Хамайда быў затрыманы каля так званага „сіняга дома” на вуліцы Леніна ў Віцебску, дзе ён шмат гадоў запар распаўсюджвае беларускія выданні.

Падчас знаходжання ў аддзеле міліцыі Чыгуначнага раёна апазіцыянер паспеў паведаміць, што ў яго забралі бел-чырвона-белы парасон, пад якім ён звычайна стаіць, і бел-чырвона-белую стужку, якой ён аздабляе сваё „працоўнае месца”.

Найверагодней, Барыса Хамайду абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванага пікету, і суд над ім мог адбыцца яшчэ ўчора. Яго ўжо неаднаразова каралі за выхады да „сіняга дома”, але ў апошнія гады гэта былі пераважна штрафы.  „Суткі” яму не прысуджалі бадай што з пачатку 2000-х.

Спадар Хамайда зусім нядаўна выйшаў са шпіталю, амаль месяц адхварэўшы на каронавірус. Ён не мае блізкіх сваякоў, таму перадачы арыштаванаму ўзяліся падрыхтаваць і перадаць ягоныя віцебскія аднадумцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск