Барыса Хамайду выклікаюць у аддзел прымусовага выканання пакаранняў
Віцебскі апазіцыянер атрымаў позву, паводле якой ён мусіць з’явіцца ў аддзел Першамайскага раёна, каб даць тлумачэнні наконт няўплаты апошняга штрафа.
Спадара Хамайду турбуе той факт, што яго выклікаюць да 10-й гадзіны 25-га сакавіка, у Дзень Волі, – ці не з’яўляецца гэта спробай перашкодзіць яму адзначыць нацыянальнае свята:
– Тут і бел-чырвона-белы сцяг быў узняты, і ўвогуле не было ніводнага разу, каб я гэтае свята не адзначыў. Цяжка нават прыгадаць, што было за ўсе гэтыя гады. Безумоўна, і затрымлівалі, і штрафы, і суткі давалі за гэта. Гэта ж столькі год ужо прайшло. 30 год апазіцыйнай дзейнасці ўвогуле, і 23 гады каля “сіняга дома”.
Некалькі дзён таму Барыс Хамайда выйшаў да так званага “сіняга дома” у цэнтры горада з плакатам пра тое, што ён абвяшчае каранцін. Таму ў аддзел прымусовага выканання пакаранняў ён напісаў ліст, што прыходзіць не збіраецца, бо ў сілу ўзросту не мусіць рызыкаваць сваім здароўем падчас эпідэміі каронавіруса. Тым болей, што штраф, накладзены на яго за правядзенне пікета ў дзень пахавання Кастуся Каліноўскага, даўно сплочаны. І службовым асобам зусім не цяжка знайсці гэтаму пацверджанне, калі яны адказна паставяцца да сваіх абавязкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск