Барыса Хамайду зноў затрымлівалі за распаўсюд беларускай літаратуры



Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер, як і штодня, выйшаў да так званага «сіняга дому» ў цэнтры Віцебску, дзе ён апошнім часам распаўсюджвае кнігі беларускіх пісьменнікаў.

Раней ягонае «працоўнае месца» аздабляў бел-чырвона-белы парасон, вышываная малітва «Ойча наш», стужкі ў нацыянальных колерах. Але прайшоў ужо амаль год, як усё гэта канфіскавала міліцыя. На століку распаўсюдніка засталася толькі беларуская літаратура, і вось цяпер толькі за яе Барыса Хамайду забралі ў РАУС Чыгуначнага раёну. Старшы лейтэнант Шушкевіч спрабаваў давесці, што стаяць з кнігамі – гэта ўжо пікетаванне, распавёў актывіст:

– Ён мяне выклікаў у кабінет і кажа: «Дазволу не маеце з выканкаму, значыць усё, гэта пікет!» Не, кажу, вы мне пакажыце канкрэтна, дзе напісана, што я на беларускай зямлі, сярод беларусаў, не магу распаўсюджваць беларускую літаратуру. Гэта ж афіцыйныя кніжкі, не дзесьці там у падполлі надрукаваныя! І вось я чатыры гадзіны ў міліцыі адседзеў, і ні пратаколу няма, нічога, усё.

Барыс Хамайда кажа, што ўжо не спадзяваўся выйсці на волю. Бо яму было загадана здаць у сейф асабістыя рэчы, і міліцыянт некалькі разоў спытаўся, няўжо апазіцыянеру так карціць трапіць за краты. Але праз чатыры гадзіны яго ўсё-ткі адпусцілі. Старшы лейтэнант Шушкевіч, які ўжо не першы раз вядзе гутаркі з Барысам Хамайдам, на развітанне яшчэ раз нагадаў, што актывісту пагражае крымінальная справа – калі на яго складуць трэці пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне цягам году. Апошні раз Барыса Хамайду затрымлівалі ў сакавіку і пакаралі 20-цю суткамі арышту за тое, што побач з беларускімі кнігамі ў яго была павязана жоўта-блакітная стужка. Суд расцаніў гэта як пікет на падтрымку Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя