Барысаўская Моладзь БНФ збірае подпісы за дэмантаж помніка Леніну
Барысаўская гарадская арганізацыя Моладзі БНФ распачала збор подпісаў на анлайн пляцоўцы petitions.by.
Актывісты арганізацыі стварылі петыцыю, у якой адзначаюць, што лічаць немэтазгодным тое, што на цэнтральнай плошчы горада стаіць помнік Леніну, і замест яго прапануюць усталяваць там помнік заснавальніку горада – князю Барысу.
“ У.І. Ленін ніяк не звязаны з гісторыяй нашага горада і нават не быў там ні разу. Дык чаму павінен стаяць яму помнік на цэнтральнай плошчы нашага горада? Няўжо няма больш вартай фігуры для такого месца? Чаму б не паставіць там помнік чалавеку, які непасрэдна звязаны з нашым горадам і з’яўляецца яго заснавальнікам, а менавіта князю Барысу?” – кажуць ініцыятары гэтай петыцыі
У петыцыі маладыя актывісты адзначаюць, што для кагосьці гэты помнік мо і ёсць вартасцю, і менавіта таму прапануюць яго не знесці, а дэмантаваць і перанесці ў іншае месца.
Актывісты спадзяюцца, што мясцовыя ўлады ўсё ж такі пазітыўна паставяцца да гэтай ініцыятывы і не будуць разглядаць яе “як варожую”. Бо, негледзячы на розныя погляды, гісторыя нашага горада і нашай краіны павінна аб’ядноўваць нас і шанаваць трэба ўсе перыяды нашай гісторыі.
Петыцыю можна падпісаць тут.
Паводле прэс-рэлізу
Фота pike.by