Барысаўскі суд арыштаваў праваабаронцу Наталлю Гарачку на трое сутак



Праваабаронца Наталля Гарачка арыштаваная на трое сутак. Адпаведнае рашэнне 4 верасня прыняў суддзя Барысаўскага раённага суда Сяргей Герасімовіч.

Гарачка прызнаная вінаватай па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). На волю з улікам праведзенага ў ізалятары часовага ўтрымання часу яна выйдзе ўжо сёння ў 19.50.

Праваабаронца была затрыманая 1 верасня, калі ішла па сцежцы праз лес да вайсковага палігона пад Барысавам. Яна хацела перадаць прадукты свайму сыну Івану, які праходзіць ваенную службу ва Уруччы, але цяпер рыхтуецца да манеўраў у рамках беларуска-расійскіх вучэнняў „Захад-2017”.

Затрымалі Гарачку ваенныя, якія адвезлі яе на кантрольна-прапускны пункт. Затым праваабаронцу даставілі ў РУУС. Да суда яна знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрымання. БелаПАН