Барысу Анікееву прысудзілі штраф за ўдзел у акцыі
Гомельскага актывіста Руху “За свабоду” Барыса Анікеева пакаралі штрафам памерам 15 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі.
Такое рашэнне вынес суддзя Чыгуначнага раённага суда Гомеля Мікалай Крупадзёраў.
Паводле аштрафаванага актывіста Барыса Анікеева, ніякай інтрыгі ў працы суддзі не было:
– За 20 снежня, за незалежнасць, за тое, што крычаў: “Лукашэнка, не сыходзь! Лукашэнка, дапамажы!” За гэта і судзяць. Але, канешне, гэта жарт. Незалежнасць наша дужа дарагая атрымліваецца. За ўсё даводзіцца сплачваць, хто сваім здароўем, каму як, хтосьці суткі атрымлівае, хтосьці штрафы.
Гамяльчук Ігар Казубаў у першай палове 1990-х гадоў працаваў міліцыянтам. У суд над Барысам Анікеевым ён прыйшоў, каб падтрымаць грамадзяніна, якога караюць за мірную акцыю ў падтрымку Беларусі.
Кажа Ігар Казубаў:
– Гэта поўнае бязмежжа. Я працаваў з 1991 па 1996 – ніводнага пратакола за палітычныя артыкулы ў нас не было ніколі. А зараз гэта пастаўлена на суцэльны паток. У Беларусі дзяржавы няма, у нас ёсць указы і дэкрэты.
Барыс Анікееў двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Агульная сума штрафаў у гомельца за акцыі 7 і 20 снежня складае 1215 беларускіх рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя