Барысу Хамайду ўручаны медаль да 100-годдзя БНР
Гэты медаль, заснаваны Радай БНР, уручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 года, у тым ліку за папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.
Ім уганараваны больш за 130 асобаў з Беларусі і замежжа, у тым ліку віцябляне Сяргей Каваленка і Барыс Хамайда. Падчас уручэння ўзнагародаў намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык патлумачыў, за што яны атрымалі памятныя медалі:
– Сяргей Каваленка атрымаў медаль за ягоны чын усталявання бел-чырвона-белага сцяга, так высока, як ніхто ў Віцебску яго не ўсталёўваў. І потым ён за гэта пацярпеў. Барыс Хамайда – за сваю дзейнасць і журналісцкую, і выдавецкую, і за папулярызацыю дэмакратычных і беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў таксама.
Сяргей Каваленка зараз жыве ў Польшчы, медаль за яго атрымала жонка Алена.
Барысу Хамайду медаль уручылі асабіста, але ён лічыць, што гэты гонар належыць не толькі яму аднаму:
– Я адзін ніколі нічога не змог бы. Трэба было шукаць грошы на бел-чырвона-белыя сцягі, на плакаты – на фарбу і паперу… І людзі мне дапамагалі. Яны заставаліся ў ценю, гэта я быў навідавоку. Так што я лічу, што гэтая ўзнагарода – адзнака ўсім вольным людзям нашага гораду.
Медалі былі ўручаны падчас сяброўскай вечарыны. На яе сабраліся і тыя, хто памятае ўчынкі Сяргея Каваленкі, які вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі на гарадскую навагоднюю ёлку ды найвышэйшыя гмахі ў Віцебску. І тыя, хто штодня сустракае распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду каля “сіняга дому” ў Віцебску.
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя