„Басовішча-2015”: праблемы з візамі ў Берасці



Берасцейскія аматары рок-музыкі пакуль не атрымалі бясплатных візаў для таго, каб паехаць на штогадовы фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”, якое ладзіцца ў падляшскім Гарадку. Вядома, што падобная сітуацыя склалася і ў Менску.

gi-11218-51830-big

Некаторыя з заяўнікаў на дармовыя візы ад красавіка чакаюць хоць нейкай інфармацыі:

– Са мной звязаліся і сказалі, што выберуць дату, калі мы сустрэнемся з консулам і прапануем спіс асобаў, якія жадаюць паехаць, скарыстаўшыся бясплатнай візай.

Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасці Ганна Навакоўская пакуль не пракаментавала сітуацыі вакол візавай падтрымкі фестывалю “Басовішча 2015”, які праз некалькі дзён стартуе ў падляшскім Гарадку.

Супрацоўнікі ж консульства ў тэлефонных размовах раяць чакаць адказу консула на электронную пошту, альбо звяртацца з гэтым пытаннем пазней:

– Дасылаць лісты неабходна ў візавы аддзел консульства. Адказ консула з’явіцца на электроннай пошце.

Такім чынам, пытанне візавай падтрымкі фестывалю польскім бокам, для жыхароў Менску і Берасця застаецца адкрытым.

Арганізатары “Басовішча-2015” сёлета анансавалі пра мажлівасць візавай падтрымкі з боку консульстваў Рэспублікі Польшча ў Гародні, Берасці і Менску. Вядома, што жадаючыя скарыстацца гэтай мажлівасцю адгукнуліся да арганізатараў. Аднак афіцыйнай інфармацыі пра тое, ці была рэальна дасягнута дамоўленасць з польскімі консульствамі, і калі не, то з якой прычыны, пакуль ад араганізатараў не паступала, – зазначаюць заяўнікі.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце