“Басовішча”: Заўсёды на баку свабоды (абноўлена)



Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча-2018” завершыўся. Цягам двух дзён ва ўрочышчы Барык на Падляшшы выступалі гурты з Беларусі, Польшчы. Сёлета на фестываль таксама быў запрошаны літоўскі гурт Will’N’Ska. На 29-ае “Басовішча” прыехала, як і штогод, шмат гасцей з Беларусі.

Тут такая атмасфера, што людзі нават з Бельгіі прыязджаюць. Яны кажуць, што ў краіну з апошняй дыктатурай, да Лукашэнкі яны не паедуць – тут іншая атмасфера: тут вашыя сосны, бярозкі, беларуская музыка – усё супер.

– Атмасфера цудоўная. Хлопцы тут чацвёрты раз, а я ўпершыню. Вельмі клёва, мне падабаецца. У наступным годзе можна падумаць, каб зноў паехаць.

– Я не прыязджаю з-за музыкі, я прыязджаю з-за людзей. Гэта наша зямля. Паводле гісторыі, яна наша, таму я прыязджаю дадому.

– Сама ідэя і месца – супер. Мы заўсёды стаім на баку свабоды, таму мы тут.

“Басовішча” надалей застаецца фестывалем, які не мог бы адбыцца ў межах сучаснай Беларусі, адзначыў Яўген Цярэнцьеў з гурта „Teleport”.

– Гэта вельмі незвычайна, сюррэалізм нейкі, нейкая утопія. Беларусы, якія не могуць зладзіць такі фестываль у сябе на Радзіме, праводзяць яго ў Польшчы. І Польшчы гэта, відавочна, нават больш патрэбна, чым нам. Я маю на ўвазе пад намі не музыкаў і тусоўку, а увогуле беларусаў. Тут з аднаго боку – рэзервацыя, а з другога – пэўная падвоенасць.

“Басовішча” ладзіцца без перарыву з 1990 года на лясной паляне Барык у Гарадку побач з Беластокам. Гэта найбольшы і найстарэйшы фестываль беларускай рок-музыкі ў свеце.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток