Бастунец: Мне цяжка зразумець логіку Міністэрства інфармацыі
Старшыня ГА „Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец прызнаўся, што для яго сталі абсалютнай нечаканасцю папярэджанні „Ежедневнику” і „Нашай ніве”, якія вынесла Мінінфармацыі.
„Ежедневник”, на думку чыноўнікаў, дыскрэдытаваў Узброеныя Сілы неадпаведным фотаздымкам да артыкула пра беларускае войска. А „Наша ніва”, як заявіла Мінінфармацыі, падала непраўдзівую інфармацыю, якая „дыскрэдытуе выніковасць дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі”.
„Мне вельмі цяжка зразумець логіку Міністэрства інфармацыі. Тым больш — у звязку з дэклараваным пацяпленнем адносінаў з Еўропай”, распавёў Бастунец Еўрарадыё.
На думку старшыні БАЖ, ні ў адной нармальнай краіне такога папярэджання не вынеслі б. Да таго ж, яно можа мець сур’ёзныя наступствы: двух папярэджанняў на працягу года ў Беларусі дастаткова, каб зачыніць СМІ.
Бастунец прыгадвае сітуацыю са СМІ на мяжы 2014-2015 гадоў, калі падчас фінансавага крызісу шэраг СМІ атрымаў папярэджанні. На думку эксперта, сёлетнія папярэджанні таксама могуць быць звязаныя з эканамічнай сітуацыяй. Праз папярэджанні ўлады могуць стрымліваць СМІ ад крытычнага асвятлення крызісных з’яў.