Бастунец: У Беларусі не павінна застацца дзяржаўных медыя



У Беларусі не павінна застацца дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, заявіў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец 26 снежня ў відэаінтэрв’ю для сайта асацыяцыі, падчас якога ён адказваў на пытанні сяброў БАЖ.

„Я лічу, што дзяржаўных медыя наогул не мусіць быць, і гэта не толькі мой, а агульны погляд, прыняты ў дэмакратычным свеце, — адзначыў Бастунец. — Дзяржаўныя медыя так ці інакш будуць выконваць волю тых, хто стаіць за іх плячыма, — за кошт падаткаплацельшчыкаў”.

Бастунец дапусціў, што ўладныя друкаваныя органы могуць існаваць толькі ў выглядзе бюлетэняў, дзе публікуюцца нарматыўныя акты таго ці іншага дзяржаўнага органа. У якасці прыкладу ён прывёў Літву, дзе склалася акурат адпаведная сітуацыя.

„Могуць быць не дзяржаўныя, а грамадскія медыя. Паміж імі і дзяржавай мусіць стаяць пэўная назіральная рада, уплыў на якую з боку дзяржавы мусіць быць мінімальным. Але тое, што тычыцца рынку сродкаў масавай інфармацыі, тут дзяржаўных медыя не мусіць быць наогул”, — падсумаваў кіраўнік журналісцкай асацыяцыі.

belapan.by