Суд над рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай (абнаўляецца)
Судовы разбор па крымінальнай справе ў дачыненні да галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай 18 лютага ў другой палове дня пройдзе ў закрытым рэжыме. Такое рашэнне прыняў 15 лютага старшыня ў судзе Аляксандр Петраш.
„Беручы пад увагу адмову абвінавачанай Золатавай, а таксама сведак Уласік, Рудзенкі, Бабаед і Калтыгінай на абвяшчэнне наяўных у матэрыялах справы перапіскі і паведамленняў, суд пастанавіў перапіску і паведамленні, выяўленыя ў прыладах сведак і абвінавачанай, абвяшчаць і даследаваць у закрытым судовым пасяджэнні”, — заявіў ён.
Закрытая частка пасяджэння пачнецца ў 14.15, паведамляе БелаПАН.
* * *
Кіраўніцтва партала tut.by не давала ніякіх указанняў выкарыстоўваць пароль ад платнай падпіскі БелТА, заявіла рэдактар tut.by Ганна Калтыгіна 15 лютага падчас допыту ў якасці сведкі ў судзе над галоўным рэдактарам сеткавага выдання Марынай Золатавай, піша БелаПАН,
Калтыгіна паведаміла, што працуе ў ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” з ліпеня 2012 года. У яе абавязкі ўваходзіць пошук, маніторынг, апрацоўка, перадрукоўка інфармацыі. „Толькі па Беларусі праводжу маніторынг прыкладна 50 сайтаў: БелТА, БелаПАН, „Спутник”, „Радыё Свабода”, „Наша нiва”, „Еўрарадыё” і іншыя, — расказала сведка. — Пароль да платнай падпіскі БелТА выкарыстоўвала, але не памятаю, ад каго і калі яго атрымала. Здаецца, што ён быў заўсёды. Як мне растлумачылі на следстве, я карысталася паролем, які належаў газеце „Рэспублiка”. Да гэтага не ведала, чый гэта быў пароль”.
Яна растлумачыла, што карысталася доступам да платнай падпіскі БелТА „з-за выгоды вёрсткі”: пры капіяванні з адкрытага раздзела сайта БелТА „тэкст ішоў без абзацаў, іх даводзілася адбіваць уручную”, а пры капіяванні з платнага раздзела такой праблемы не было.
Паводле слоў Калтыгінай, яна пэўна ведала толькі пра тое, што пароль да стужкі БелТА выкарыстоўвае рэдактар Галіна Уласік — таму што „асабіста перадала ёй пароль”.
„Размова з нагоды выкарыстання пароля ўзнікла ў сакавіку 2018 года, абмяркоўвала гэтую тэму з Марынай Золатавай, — сказала Калтыгіна. — 19 сакавіка Марына Золатава патэлефанавала мне з пытаннем: ці праўда тое, што я карыстаюся доступам да платнай падпіскі? Я сказала, што карыстаюся. Яна была здзіўленая. У гэтай гутарцы, парэзаную версію якой пракруцілі дзяржаўныя СМІ, мы далей абмяркоўвалі, ці патрэбная гэтая падпіска. Таксама гаварылася пра тое, што Жук (Дзмітрый Жук, былы гендырэктар БелТА. — БелаПАН.) не рэкамендаваў гэтага рабіць. Я паабяцала Золатавай, што больш не буду гэтага рабіць. На наступны дзень я параўнала час з’яўлення навін у закрытай і адкрытай версіі БелТА і сказала Золатавай, што няма сэнсу падпісвацца на БелТА”.
Калтыгіна прызнала, што пасля гэтай размовы з Золатавай працягвала заходзіць на платную версію БелТА. „Аб гэтым я зараз вельмі шкадую, таму што парушыла дадзенае слова і таму што мае дзеянні прывялі да такіх наступстваў. Мне вельмі горка, што я не паслухала Марыну”, — сказала сведка.
Яна падкрэсліла, што да 19 сакавіка 2018 года Золатава пра выкарыстанне пароля БелТА супрацоўнікамі tut.by не ведала. „У Следчым камітэце перад пачаткам допыту (7 жніўня 2018 года. — БелаПАН.) мне сказалі: паведаміце пра тое, як Золатава давала вам указанні. Я адразу напісала заяву, што ні Золатава, ні іншае кіраўніцтва tut.by мне такіх указанняў не давалі”, — расказала Калтыгіна.
Яна адзначыла, што згодна з абвінавачаннем здзейсніла не менш як 21 доступ да платнай падпіскі БелТА. „Я заплаціла шкоду ў памеры 7.044 рублі па іску БелТА, 3.640 рублёў — па іску „Советской Белоруссии”, — паведаміла сведка. Яшчэ 253,6 рубля яна заплаціла па салідарным іску БелТА да ўсіх фігурантаў справы (кампенсацыя кошту работ тэхнічнага персаналу БелТА. — БелаПАН.), а таксама адміністрацыйны штраф у 30 базавых велічыняў (735 рублёў, базавая велічыня тады складала 24,5 рубля).
* * *
У судзе Заводскага раёна Менска раніцай 15 лютага аднавіўся разгляд крымінальнай справы галоўнай рэдактаркі сеткавага выдання tut.by Марыны Золатавай, якая абвінавачваецца ў бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК).
Сёння дапытваюць рэдактараў партала.
Галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава не ведала пра выкарыстанне супрацоўнікамі рэдакцыі чужых пароляў ад матэрыялаў платнай падпіскі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА да 19 сакавіка 2018 года, а калі даведалася — была здзіўленая і абураная. Пра гэта заявіла 15 лютага ў судзе над Золатавай рэдактар tut.by Ганна Рудэнка, піша БелаПАН.
Рэдактар tut.by Ганна Рудэнка паведаміла ў судзе, што працуе ў калектыве партала навін з 2012 года, займаецца „забеспячэннем інфармацыйнага напаўнення рубрык партала, маніторынгам сеткі і сацыяльных сетак, кансультаваннем работнікаў па пытаннях падрыхтоўкі матэрыялаў”. Яна паказала, што маніторынг інфармацыйных рэсурсаў краіны яна рабіла пастаянна — „з мабільнага тэлефона, хатняга ноўтбука”.
Рудэнка не змагла прыгадаць, калі дакладна ці ад каго канкрэтна з калегаў па tut.by яна атрымала лагін і пароль ад платнага сервісу БелТА. Яна выказала здагадку, што гэта адбылося ў 2016 годзе, лагін быў сугучны з найменнем газеты „Рэспубліка”. Паводле яе слоў, у платную частка сайта БелТА яна заходзіла „з мэтай азнаямлення з інфармацыяй”. Пры гэтым сведка заявіла, што „ніколі ні ад каго распараджэнняў карыстацца гэтым паролем не атрымлівала”.
„Я не магу сказаць, што гэта было для службовых патрэб, у гэтым не было ніякай неабходнасці, хутчэй, гэта было асабістай цікаўнасцю. Гэта не ўваходзіла ў мае абавязкі, гэта была асабістая цікаўнасць. Я ніколі не брала інфармацыю з платнай падпіскі БелТА. Карыслівых мэтаў у мяне не было”, — падкрэсліла сведка. Аднак пасля яна пагадзілася з тым, што „ў прынцыпе, ажыццяўляла заходы для маніторынгу інфармацыйнай прасторы”, які быў звязаны „з прафесійнай дзейнасцю”.
Рудэнка звярнула ўвагу на тое, што „розніцы паміж інфармацыяй у адкрытым доступе і ў платнай падпісцы няма”.
Паводле слоў Рудэнкі, на момант разгляданых у судзе падзей, у прыватнасці, з пачатку 2017 года да сярэдзіны 2018-га, Золатавай не было вядома пра выкарыстанне ёю лагіна і пароля ад платных матэрыялаў БелТА. „Мы ніколі не абмяркоўвалі з Марынай Золатавай выкарыстанне мной пароля, — патлумачыла сведка. — Мы абмяркоўвалі гэтае пытанне з калегамі 19 сакавіка 2018 года. Потым Марына тэлефанавала і ўдакладняла, ці выкарыстоўваем мы платную падпіску БелТА. Ганна Калтыгіна [рэдактар tut.by] адказала ёй, што „так”. Золатава была здзіўленая і абураная. Першы раз мы з Марынай казалі пра выкарыстанне мной пароля толькі ў жніўні 2018 года”.
Рудэнка ўдакладніла, што пра размову Калтыгінай і Золатавай 19 сакавіка мінулага года ёй стала вядома з наступнай перапіскі з калегамі, тэкст якой ёй пасля нагадалі на этапе папярэдняга следства. „Золатава выразна і ясна сказала Калтыгінай [у размове 19 сакавіка 2018 года], што мы выкарыстоўваем толькі адкрытыя крыніцы”, — заявіла сведка.
Суддзю цікавіла, ці атрымлівала Рудэнка ад Золатавай якія-небудзь абавязковыя да выканання распараджэнні. Сведка заявіла, што за шэсць з паловай гадоў працы ў калектыве „ніколі не атрымлівала ад яе прамых указанняў”. „Журналіст абавязаны выконваць ўказанні і распараджэнні свайго наймальніка — гендырэктара. Да мяне ніколі не даводзілася абавязковасць выканання ўказанняў Золатавай, што тычыцца маёй прафесійнай дзейнасці”, — патлумачыла яна.
Паводле яе слоў, Золатава ажыццяўляла агульнае кіраўніцтва рэдакцыяй, у прыватнасці, „вырашае стратэгічныя задачы”, прымае ўдзел у абмеркаванні камандзіровак, адпачынкаў, можа даць „параду, рэкамендацыю, выказаць прафесійнае меркаванне”.
Прадстаўнік грамадзянскага істца — выдавецкага дома „Беларусь сегодня” адвакат Шпілеўскі пацікавіўся ў Рудэнкі, за кошт чаго дасягалася эфектыўнасць tut.by і такія „высокія рэйтынгі” партала пры такіх механізмах узаемаадносін у калектыве.
Сведка адказала: „За кошт высокага прафесіяналізму, адносін даверу і прыстойнасці”.
Дзяржабвінаваўца „ў сувязі з істотнымі супярэчнасцямі” ў паказаннях, дадзеных у судзе і на этапе папярэдняга следства, зачытала адзін з пратаколаў допыту Рудэнкі. Так, падчас ранейшага допыту сведка казала, што атрымала лагін і пароль БелТА, калі ёй „тлумачылі абавязкі перад дзяжурствам”. Тады ж яна выказала здагадку, што Золатава магла ведаць аб тым, што ў рэдакцыі выкарыстоўваюць лагін і пароль ад платнай падпіскі БелТА, паколькі яна „з’яўляецца прафесіяналам і добрым кіраўніком, які заўсёды ведае, чым займаюцца ёй падначаленыя работнікі”.
Суддзя ўдакладніў у Рудэнкі, чаму падчас допыту на этапе папярэдняга следства яна не казала пра недасведчанасць Золатавай з той жа катэгарычнасцю, што і на судзе. На гэта сведка адказала: „Гэта быў першы допыт у жыцці”.
У сваю чаргу Золатава заявіла: „Паказанні, дадзеныя Рудэнкай на папярэднім следстве, уяўляюць сабой яе здагадку пра маю дасведчанасць, заснаваную на асабістым меркаванні”. „Таксама я хацела б звярнуць увагу суда на тое, што ўжо другі раз абвяшчаюцца паказанні, дадзеныя на папярэднім следстве, якія не маюць істотных супярэчнасцяў са сказаным у судзе”, — дадала падсудная.
* * *
Судзяць Марыну Золатаву. Дзень трэці. У Заводскім раённым судзе беларускай сталіцы з раніцы працягваецца разгляд крымінальнай справы галоўнай рэдактаркі партала tut.by, якая абвінавачваецца ў бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК) па так званай «справе БЕЛТА». Сёння дапытвалі супрацоўнікаў tut.by . І тут ёсць на што звярнуць увагу, – кажа беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
– Заяўляюць, што ад іх дамагаліся, каб яны далі паказанні, што спадарыня Золатава сама іх прасіла, каб яны інфармацыю атрымлівалі з бясплатнай рассылкі, чаго насамрэч не было. Калі ўлады хацелі гэта прадставіць як элементт эканамічнай спрэчкі, то лагічнаей было, каб пытанне вырашалася ў эканамічным судзе. Але мы бачым, што ўсё адбываецца ў межах крымінальнага заканадаўства, на жаль.
Супрацоўнікі tut.by між іншым у судзе заяўляюць пра ціск з боку следства, маўляў, ад самага пачатку іх прымушалі даваць паказанні супраць Марыны Золатавай. Яна адзіная абвінавачваная ў так званай «справе БЕЛТА». Астатнія фігуранты па «справе БЕЛТА» – 14 супрацоўнікаў розных СМІ – вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Да 19 сакавіка 2018 года галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава не ведала пра тое, што супрацоўнікі рэдакцыі выкарыстоўваюць чужыя паролі для доступу да платных матэрыялаў дзяржаўнага агенцтва БелТА. Пра гэта заявіла вядучы рэдактар tut.by Ульяна Бабаед, выступаючы 14 лютага ў якасці сведкі ў судзе над Золатавай.
Бабаед паведаміла, што да tut.by яна працавала ў ЗАТ „БелКП-ПРЭС” журналістам газеты „Комсомольская правда” в Белоруссии”. У гэтай кампаніі была афіцыйная падпіска на платныя матэрыялы БелТА, пароль ад гэтага сервісу мела Бабаед. Пасля звальнення з газеты яна „працягнула выкарыстоўваць пароль па звычцы, ён быў захаваны”. „Пры звальненні ніяк не агаворвалася, што я далей не магу выкарыстоўваць гэты пароль, дамовамі гэта не вызначана”, — адзначыла вядучы рэдактар.
Паводле слоў Бабаед, яна сапраўды чытала навіны на платнай стужцы БелТА, але выключна пасля таго, як яны былі апублікаваныя на сайце агенцтва, што пацвярджаецца запісамі пра час і дату заходаў у платны сервіс БелТА, якія адлюстраваны ў матэрыялах следства.
Сведка мяркуе, што ніякай перавагі ад чытання платнай падпіскі не атрымлівала, паколькі інфармацыя ўжо нейкі час была ў адкрытым доступе. Акрамя таго, як сцвярджае Бабаед, яна ніколі не публікавала на сайце tut.by навіны, якія чытала ў стужцы БелТА.
Бабаед таксама паведаміла, што як мінімум яшчэ ў аднаго супрацоўніка tut.by быў пароль да платнай стужкі БелТА — гэта пароль, які належыць рэдакцыі газеты „Рэспубліка”.
Паводле слоў Бабаед, Золатава пра гэта даведалася толькі з размовы з ёй 19 сакавіка 2018 года. Падчас той размовы Бабаед спытала ў галоўнага рэдактара: „Чаму б tut.by не падпісацца на БелТА?” Золатава адказала, што з агенцтвам ёсць дамоўленасць пра выкарыстанне tut.by інфармацыі БелТА толькі з адкрытага доступу.
Далей, паводле слоў Бабаед, яна расказала галоўнаму рэдактару пра пароль да платнай стужкі БелТА, які застаўся з ранейшай працы. Золатава была незадаволеная. Яна не забараніла карыстацца такім метадам доступу да матэрыялаў агенцтва наўпрост, але дала зразумець, што так рабіць не трэба. „Пасля гутаркі я выкарыстоўвала пароль яшчэ нейкі час, затым спыніла гэта рабіць”, — расказала ў судзе Бабаед.
Яна таксама адзначыла, што як фізічная асоба заплаціла каля 8,5 тыс. рублёў шкоды за 19 эпізодаў несанкцыянаванага доступу да платнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва. „Заплаціла, таму што сапраўды лічыла, што я не маю рацыі, нельга было выкарыстоўваць пароль „Камсамолкі” для чытання БелТА. Я магу згаджацца ці не згаджацца з тым, крымінальная гэта справа або не, але я не мела рацыі. Акрамя таго, гэта быў мой шанец скончыць з допытамі”, — заявіла Бабаед.
Дзяржабвінаваўца палічыла, што паказанні Бабаед у судзе разыходзяцца з тымі паказаннямі, якія яна давала на этапе папярэдняга следства. З пратаколаў допыту вынікае, што Бабаед, па яе ж словах, „праглядала навіны [на платнай стужцы БелТА] выключна ў службовых мэтах, з меркаванняў магчымай публікацыі на сайце tut.by”.
У сваіх ранейшых паказаннях сведка дапускала верагоднасць таго, што Золатавай было вядома аб выкарыстанні супрацоўнікамі tut.by чужых пароляў да платнага кантэнту БелТА, хаця „прамых указанняў” ад галоўнага рэдактара выкарыстоўваць гэтыя паролі яна не атрымлівала.
Пасля абвяшчэння шэрагу пратаколаў допыту Бабаед заявіла, што „выкарыстанне пароляў БелТА не было сакрэтам у журналісцкай супольнасці” і яна сапраўды думала, што „Золатава ведае пра гэта”. „Але трэба адрозніваць меркаванне і факты. Да 19 сакавіка мне не вядома фактаў таго, што Золатавай было вядома пра выкарыстанне мной або іншымі супрацоўнікамі пароляў ад платнай падпіскі БелТА”, — падкрэсліла сведка.
Пры даследаванні ў судзе файлаў з жорсткага дыска працоўнага камп’ютара Бабаед сведка папрасіла закрыць судовае пасяджэнне ў тым выпадку, калі суд мае намер аглядаць яе асабістую перапіску ў месенджарах. Суддзя Петраш заявіў, што пасля будзе вырашана пытанне аб магчымасці даследавання такога роду інфармацыі на асобным закрытым судовым пасяджэнні.
Пасля допыту Бабаед у судзе абвешчаны перапынак да 10.00 15 лютага.
* * *
Суд Заводскага раёна Менска раніцай 14 лютага працягнуў разгляд крымінальнай справы галоўнага рэдактара партала tut.by Марыны Золатавай, якая абвінавачваецца ў бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК). Сёння ў судзе будуць дапытаныя супрацоўнікі Tut.by.
Працэс пачаўся з допыту генеральнага дырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людмілы Чэкінай.
У ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ”, якое з’яўляецца заснавальнікам сеткавага выдання tut.by, няма лакальных нарматыўных актаў, якія б надзялялі галоўнага рэдактара юрыдычным правам даваць абавязковыя для выканання ўказанні. Пра гэта заявіла гендырэктар „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людміла Чэкіна.
Золатаву абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы (ч. 2 арт. 425 КК), якая прывяла да здзяйснення яе падначаленымі несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Працэс пачаўся 12 лютага, яго вядзе суддзя суда Заводскага раёна Мінска Аляксандр Петраш.
Дзяржабвінаваўцу Юлію Харчэйкіну цікавіла гісторыя стварэння ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ”, склад яго ўдзельнікаў — уладальнікаў доляў статутнага фонду, арганізацыйная структура, колькасць супрацоўнікаў, а таксама абавязкі кіраўніцтва таварыства і выдання tut.by.
Большую частку часу, адведзенага на допыт Чэкінай, удзельнікі суда патрацілі на высвятленне іерархіі падпарадкавання супрацоўнікаў рэдакцыі tut.by. Гендырэктар ТАА патлумачыла, што ў рэдакцыі ёсць два не залежныя адзін ад аднаго і падпарадкаваныя толькі ёй галоўныя рэдактары, адным з якіх была Золатава.
На пытанне суддзі, ці можа Золатава даваць абавязковыя для выканання распараджэнні супрацоўнікам рэдакцыі, Чэкіна адказала: „Не, не можа, лакальнымі актамі гэта не замацавана”. Яна падкрэсліла, што юрыдычна абавязковыя распараджэнні можа даваць толькі генеральны дырэктар. Паводле яе слоў, журналісты, якія не згодныя з рашэннямі галоўнага рэдактара, могуць звяртацца па вырашэнне спрэчкі да гендырэктара.
„Я не адмаўляю факта кіраўніцтва, але я кажу пра тое, што юрыдычна ёй не падпарадкаваныя, — адзначыла Чэкіна. — Няма прамой падпарадкаванасці, канчатковае юрыдычнае рашэнне заўсёды за генеральным дырэктарам. Яна каардынуе працу. Марына адказная за канцэпцыю, стратэгію. Усё гэта абмяркоўваецца на гадавых планаваннях, нарадах. Можа выступаць з прапановамі па паляпшэнні дзейнасці, прапанаваць павелічэнне штата, прапанаваць кагосьці ў камандзіроўку. Гэта вельмі вялікая праца па каардынацыі”.
Гендырэктар таварыства патлумачыла суду, што тэматыку навін, якія трэба публікаваць, вызначае рэдактар выпуску, а не галоўны рэдактар. На ўдакладненне суддзі, ці можа галоўны рэдактар „даць указанне рэдактару выпуску звярнуць увагу на тую ці іншую навіну і апублікаваць яе”, Чэкіна заявіла: „Так, звярнуць увагу можа, але тое ж можа зрабіць і любы іншы супрацоўнік”.
Чэкіна паведаміла, што ў tut.by няма дамовы з БелТА на доступ да платных паслуг дзяржаўнага інфармагенцтва. Рашэнне пра неабходнасць заключаць тыя ці іншыя дамовы, а таксама права падпісваць дамовы ёсць толькі ў яе і ў шэрагу супрацоўнікаў з адпаведным паўнамоцтвам. У Золатавай такога права няма.
Чэкіна таксама паведаміла, што не лічыла і не лічыць мэтазгодным заключаць дамову з БелТА на доступ да платнай вобласці сайта, паколькі выданне задавальняюць умовы карыстання інфармацыяй, якую агенцтва публікуе ў адкрытым доступе.
Гендырэктар таварыства заявіла, што, наколькі ёй вядома, Золатава даведалася пра факт несанкцыянаванага доступу да платных матэрыялаў падпіскі БелТА, учынены адным супрацоўнікам tut.by, толькі 19 сакавіка 2018 года, была здзіўленая і расчараваная гэтай навіной. Пра астатніх супрацоўнікаў, якія ажыццяўлялі такі доступ, яна, паводле слоў Чэкінай, не ведала. „Марына Васільеўна лічыла, што неправамерны доступ спыніўся. Яна вінаваціць сябе, што яна не пераправерыла, не перапытала”, — дадала Чэкіна.
Сама Золатава доступу да платных матэрыялаў БелТА не мела. Золатава таксама не мела асабістай зацікаўленасці ў тым, каб супрацоўнікі ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да матэрыялаў БелТА, дадала Чэкіна.
Разам з тым гендырэктар „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” паведаміла, што пасля таго, як Следчы камітэт пачаў расследаванне, супрацоўнікі tut.by, якіх у выніку абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, не адмаўлялі таго, што заходзілі і чыталі навіны з платнай стужкі.
„Хтосьці раней працаваў у дзяржвыданні, у іх захаваўся пароль [ад платнага кантэнту БелТА], — сказала Чэкіна. — Пры гэтым большасць супрацоўнікаў, якія трапілі пад падазрэнне, наогул не былі звязаны з напаўненнем навіннай стужкі… У мяне склалася ўражанне, што гэтыя паролі засталіся ў іх ад мінулай працы. Якія матывы заходзіць? Як правіла, па звычцы, з цікаўнасці, з-за зручнай вёрсткі, адсутнасці рэкламы”.
„Мы лічым, што супрацоўнікі tut.by вінаватыя ў гэтым плане. Мы заплацілі штраф, шкоду, хоць не згодныя з яе сумай. Супрацоўнікі здзейснілі правапарушэнне, але лічым, што гэта плоскасць грамадзянскай справы”, — падкрэсліла Чэкіна.
* * *
Судовы працэс адновіцца 14 лютага ў 10.00.
Уваход трэцяй асобы з дапамогай лагіна і пароля карыстальніка, які атрымаў гэтыя ідэнтыфікатары ва ўладальніка рэсурсу, з’яўляецца фактам несанкцыянаванага доступу да камп’ютарнай інфармацыі, заявіў загадчык кафедры аховы інфармацыі БДУІР Цімафей Барбацько, выступаючы 13 лютага ў якасці сведкі ў судзе над галоўным рэдактарам сеткавага выдання tut.by Марынай Золатавай.
Дзяржабвінаваўца — старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна — спытала ў Барбацько, які спецыялізуецца на тэхнічнай ахове інфармацыі, ці з’яўляецца несанкцыянаваным доступ, калі нехта ўводзіць лагін і пароль, на выкарыстанне якіх ўладальнік пэўнага рэсурсу сваёй згоды не даваў.
„Ідэнтыфікатар выдае ўладальнік рэсурсу, — адзначыў эксперт. — Узаемаадносіны з парольнай аховай будуюцца на тым, што карыстальнік, які абсалютна легальна атрымаў пароль, павінен захоўваць яго ў сакрэце. Гэта адзін з базавых пастулатаў працы гэтай сістэмы аховы. Калі нейкім чынам ідэнтыфікатар быў скампраметаваны, перахоплены, разгалошаны, падгледжаны і выкарыстоўваецца ўжо трэцяй асобай, якая не мае ўзаемаадносін з уладальнікам інфармацыйнага рэсурсу, гэта значыць не атрымаў санкцыю на доступ, то, вядома, доступ не санкцыянаваны ўладальнікам гэтага рэсурсу”.
Той факт, што лагін і пароль былі атрыманыя не ў выніку праграмна-тэхнічнага ўмяшання, гэта значыць узлому, паводле слоў Барбацько, у гэтым выпадку значэння не мае.
Намеснік гендырэктара агенцтва БелТА Аксана Кірыльчык распавяла суду пра ўнікальнасць кантэнту БелТА і пра розніцу паміж платнай стужкай навін, даступнай толькі для падпісчыкаў, і сайтам belta.by, на якім навіны даступныя для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў.
***
Марына Золатава кажа, што яе расчуліла і ўзрушыла падтрымка журналісцкай супольнасці.
Паводле намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, які прысутнічае на судах, «справа БелТА» – сапраўды паказала, якой моцнай і салідарнай можа быць журналісткая супольнасць.
– Пазнаёміў Марыну Золатаву з маці Паўла Шарамета. Гэта чалавек, які страціў сына, сына-журналіста. І гэты чалавек прыйшоў у суд і сказаў, што для яе вельмі важна падтрымаць Марыну і выказаць сваю салідарнасць з журналістамі. Такіх людзей было шмат. І рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч, і вельмі шмат актывістаў, праваабаронцаў, палітыкаў. Канешне, яны не будуць хадзіць кожны дзень, але вельмі важна, што яны былі, сочаць за працэсам і выказваюць сваю салідарнасць.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
***
13-га лютага ў судзе Маскоўскага раёна Менска працягваецца разгляд «справы Белта», абвінавачанай па якой праходзіць галоўная рэдактарка парталу Tut.by Марына Золатава.
Сёння суд працягнуў допыт сведак.
Суд дапытвае ў якасці сведкі Дзмітрыя Жука, галоўнага рэдактара газеты „СБ. Беларусь сегодня”, піша spring96.org.
Ён кажа, што з платнай падпіскай на навіны БелТА ўзніклі праблемы і ў “СБ. Беларусь сегодня”. Журналісты з паролямі не маглі ўвайсці ў сістэму доступу. Яны звярнуліся ў БелТА з просьбай вырашыць гэтую праблему. На рэдакцыю выдаваўся адзін пароль.
Пракурорка пытаецца: «Якія наступствы нядоступу да БелТА для рэдакцыі?»
Жук: „Своечасовасць гублялася. Губляецца індэксацыя пошукавых сістэмаў, адпаведна губляецца рэклама. У стужцы часам утрымліваецца службовая інфармацыя. Гэта падрыў аўтарытэту выдання”.
Пракурорка пытаецца ў Жука, які раней кіраваў БелТА, ці звяртаўся да іх TUT.BY з просьбай заключыць дамову?
Жук: “Напачатку была вусная дамова. Ведаю Золатаву ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю гадоў 10-15. Стаўлюся да яе роўна». Ён таксама паведаміў, што асобны логін і пароль выдаваліся на адну юрыдычную асобу.
* * *
Прадстаўнікі БелТА выступілі на працэсе супраць Марыны Золатавай, іх выступы былі паказальнымі, заўважыў у нашым эфіры намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. 12 лютага пачаўся суд над Марынай Золатавай, галоўнай рэдактаркай партала TUT.BY, яе судзяць па так званай справе БелТА.
Пры апытанні сведкаў, супрацоўнікаў БелТА, здзівілі іх паводзіны, кажа Барыс Гарэцкі:
– Складаецца ўражанне, што ўсе яны чамусьці апраўдваюцца. Тэхнічны супрацоўнік БелТА, кіраўнік тэхнічнага аддзела сувязяў закрываў свой твар, калі заходзіў і выходзіў з судовай залі, каб яго не фатаграфавалі журналісты. Калі Марына Золатава насамрэч злачынца, калі сапраўды TUT.BY краў нейкую інфармацыю ў БелТА, то навошта хаваць твар?
Марыну Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкулу – ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пры апытанні сведкаў, супрацоўнікаў БелТА, між іншым, высветлілася, што ў дамовах БелТА з кліентамі да 2019 года не была прапісаная забарона перадаваць паролі доступу да платнага кантэнту трэцім асобам. На гэту асаблівасць таксама звярнуў увагу Барыс Гарэцкі.
* * *
Пасяджэнне суда працягнецца 13 лютага ў 10.00.
Пра свае ўражанні ад першага судовага дня з Радыё Рацыя падзялілся Марына Золатава:
– Я заявіла, што не прызнаю сябе вінаватай. Канешне, я буду рабіць усё магчымае, каб даказаць гэта. Я прачытала багата інфармацыі, як асвятлялася гэтая падзея. Уражанне, відаць, найбольшае ад таго, што да гэтай справы прыцягнута так шмат увагі. Я, канешне, чакала, але што будзе менавіта так, то, канешне, не, не чакала. Гэта мяне вельмі ўзрушыла. Я б не хацела прагназаваць, чым гэта ўсё скончыцца. Паглядзім, пройдзе яшчэ пару тыдняў і тады будзе ўсё зразумела.
***
На судзе 12 лютага гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч у якасці сведкі заявіла, што наступствамі неправамернага доступу трэціх асоб да платнай стужкі навін агенцтва „недаатрымала плацяжы па абаненцкай плаце, карыстальнікі платнай падпіскі былі заблакаваныя, быў падарваны аўтарытэт агенцтва”.
Доступ да платнай стужкі асоб, з якімі ў БелТА не было дамоўных адносін, на думку Акуловіч, прывёў да „страты ўнікальнага значэння інфармацыі”. На падставе несанкцыянаванага доступу ў платную вобласць сайта ў БелТА разлічылі нанесеную гэтымі дзеяннямі шкоду — нават адзінкавы заход на стужку па чужых ідэнтыфікатарах за месяц яны разглядалі як недаатрыманне месячнай абаненцкай платы. Агульная сума шкоды была ацэненая ў суму каля 25,5 тыс. рублёў. Шкода была ўказаная ў грамадзянскім іску, адказчыкам па якім павінны былі выступаць асобы, вінаватыя ў несанкцыянаваным доступе.
На ўдакладняючае пытанне дзяржабвінаваўцы, старшага пракурора аддзела Генпракуратуры Юліі Харчэйкінай аб кампенсацыі шкоды Акуловіч заявіла, што на сённяшні дзень шкода кампенсаваная ў поўным аб’ёме.
***
У судзе абвешчаны перапынак да 14.30.
– Пасяджэнне толькі пачалося. Я спадзяюся, рашэнне суда будзе справядлівым. Мне рана дзяліцца нейкімі ўражаннямі, – сказала Марына Золатава ў перапынку. – Я здзіўленая і проста здзіўленая такой увагай і ўдзячная ўсім за падтрымку. Дзякуй вялікі, перадае nn.by.
* * *
12 лютага а 10-й гадзіне пачаўся суд над Марынай Золатавай, галоўнай рэдактаркай партала Tut.by і апошнім фігурантам так званай «справы БелТА».
Старшынюе ў судзе Аляксандр Петраш. Абвінавачванне прадстаўляе старшы пракурор аддзела Генпракуратуры Юлія Харчэйкіна.
БелТА папрасіла суд правесці ў закрытым рэжыме, спасылаючыся на абарону інфармацыі.
Пракурор, у сваю чаргу, не бачыць падставы закрываць працэс, заяўляючы, што суд можна закрыць толькі ў той частцы, калі будзе вывучацца асабістая перапіска. Суддзя Аляксандр Петраш адмовіў у закрытым судовым разглядзе.
10:04
Суддзя забараніў фота- і відэаз’ёмку ў зале суда.
9:55 Прыйшлі старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і ўсё кіраўніцтва гэтай арганізацыі. У зале суда таксама шматлікія блогеры, сярод якіх Эдуард Пальчыс, Антон Матолька, Арамаіс Міракян. Прысутны былы палітвязень Шчукін.
9.45 Для суда аддалі найбольшую залу ў судзе Маскоўскага раёна. Яна змяшчае 170 чалавек. Задоўга да пачатку каля яе сабраліся дзясяткі людзей. Сярод прысутных — рэдактары «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч і БелаПАН Ірына Леўшына, дыпламаты краін Еўрапейскага звяза. Прыйшлі шматлікія калегі Марыны Золатавай з Tut.by у кашульках «Банальны хакер», паведамляе nn.by.
* * *
Шмат пытанняў: юрыдычных і маральных. Так старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец рэагуе на суд над галоўнай рэдактаркай партала Tut.by Марынай Золатавай.
Яна адзіная абвінавачаная ў так званай «справе БелТА», каго чакае судовы працэс. Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса („Бяздзейнасць службовай асобы”), санкцыя артыкулу – ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Андрэй Бастунец у нашым эфіры звярнуў увагу і на іншыя акалічнасці гэтай справы:
– Марына Золатава была адзіным фігурантам справы, якога не абвінавачвалі ў тым, што ён карыстаўся паролем БелТА. Яе абвінавачваюць у бяздзеянні службовай асобы. Вельмі шмат пытанняў да юрыдычнага боку гэтага абвінавачвання. Мы паслухаем як сваю пазіцыю будзе прадстаўляць бок абвінавачвання ў судзе. Але такое ўражанне, што Tut.by і Марына Золотава былі ледзь не галоўнымі мішэнямі ў гэтай справе ад пачатку.
Справа супраць галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай 12 лютага будзе разглядацца ў памяшканні суда Маскоўскага раёна. Пачатак працэсу ў 10:00. Астатнія фігуранты па «справе БелТА» – 14 супрацоўнікаў розных СМІ – вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты кампенсавалі прад’яўленую шкоду. Сумы розныя – ад 3 да 17 тысяч рублёў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя