Батальён імя Кастуся Каліноўскага: Зварот да маці Беларусі
Беларусы стварылі асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага для абароны Кіева.
Падчас анлайн-брыфінгу прадстаўнікі батальёну звярнуліся да мацярэй беларускіх вайскоўцаў:
– Хачу звярнуцца да беларускіх маці. Цяпер праўдападобна схіляюць Лукашэнку да ўводу беларускіх войскаў ва Украіну. Любымі шляхамі дагрукайцеся, датэлефануйцеся да сваіх дзяцей. У многіх пазабіралі тэлефоны, павялічылі колькасць асабістаў. У некаторых частках мяняюць афіцэрскі склад, бо беларускія афіцэры адмаўляюцца выконваць загады звар’яцелага галоўнакамандуючага. Любымі шляхамі давядзіце ім, што хай робяць што заўгодна, але не заходзяць на тэрыторыю Украіны. Калі там не атрымалася, то пры першай магчымасці шукайце варыянты, як здацца ўкраінскім вайскоўцам, каб не ляжаць недзе на палях Украіны.
Падчас анлайн-брыфінгу былі агучаны дзве асноўныя мэты батальёна імя Кастуся Каліноўскага:
– Мы цяпер фактычна ратуем гонар беларускага народу, беларускай нацыі. Не ўсе беларусы падтрымліваюць рэжым, не ўсе беларусы хочуць вайны з Украінай. Першая стратэгічная мэта – гэта абарона Украіны. У нас ёсць разуменне, як і ва ўсяго вольнага свету, што без захавання незалежнай Украіны, пра незалежную Беларусь можна не марыць. Калі мы рэалізуем мэту №1, то наступная наша мэта – гэта Беларусь.
Пункт набору добраахвотнікаў у батальён імя Кастуся Каліноўскага месціцца ў Варшаве па вуліцы Крынічнай, дом 6. Афіцыйны канал батальёну ў Telegram: https://t.me/belwarriors.
Беларускае Радыё Рацыя