Бацька Андрэя Бандарэнкі сустрэўся з сынам



Бацька Андрэя Бандарэнкі сустрэўся ў сынам у менскім СІЗА на Валадарскага. Праваабаронца прасіў перадаць на волю, што на ўмовы ўтрымання не скардзіцца і рыхтуецца да хуткага разгляду касацыйнай скаргі на прысуд.

12 жніўня былога кіраўніка арганізацыі “Платформа” пакаралі трыма гадамі зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні. Але, па словах бацькі праваабаронцы, Бандарэнка з прысудам катэгарычна нязгодны і лічыць следства сфальсіфікаваным.

–   Размова ішла пра суд. Ён кажа, што многа лістоў напісаны са звінавачваннем яго, з чым ён нязгодны. Звінавачваць чалавека можна, але ж звінавачаны ні да каго не падыходзіў, ні з кім не загаварыў, нічога не прасіў, ні да каго не звяртаўся за цыгарэтай ці прыкурыць, ні ў госці не запрашаў.

Суд у Менску прызнаў Андрэя Бандарэнку вінаватым па трох крымінальных эпізодах. У час іх праваабаронца нібыта ўчыніў хуліганскія дзеянні, збіўшы трох чалавек пры розных абставінах.

Праваабаронца ж лічыць, што адзін з эпізодаў быў наўмысна справакаваны падстаўнымі асобамі, а ў іншых выпадках следчыя і суд не імкнуліся разабрацца ў сітуацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота nv-online.info