Бацька Сафіі Сапегі папрасіў Лукашэнку памілаваць яго дачку



Андрэй Сапега, бацька затрыманай у Беларусі расяянкі Сафіі Сапегі, просіць Аляксандра Лукашэнку памілаваць яго дачку.

Адпаведны відэазварот Андрэя Сапегі, які жыве ў Прыморскім краі Расеі, апублікаваны ў мясцовым выданні:

– Мяне завуць Сапега Андрэй. Мне 53 гады. Я – бацька чацвярых дзяцей, і Сафія Сапега – мая старэйшая дачка, маё першае любімае дзіця. Цяпер мая дачка ўтрымліваецца ў менскім СІЗА КДБ па абвінавачанні ва ўчыненні злачынстваў. Ёй пагражаюць вельмі сур’ёзныя турэмныя тэрміны. У гэтым звароце напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Прыморскі край я б хацеў звярнуцца асабіста да яго як бацька да бацькі. Аляксандр Рыгоравіч, я прашу вас аб міласэрнасці, хопіць жорсткасці. Апошні час свет ёй перапоўнены. Любы разважлівы чалавек разумее, што Сафія апынулася не ў тым месцы і не з тым чалавекам.

Па словах Андрэя Сапегі, „да сустрэчы з Раманам Пратасевічам, яго дачка была звычайнай дзяўчынай. Падчас пратэстаў у Менску яна была ў Літве, і калі нешта яна і рабіла ў той перыяд – гэта дакладна гісторыя кахання, а не перакананняў. Яна дапамагала Раману ў яго працы”.

„Аляксандр Рыгоравіч, як бацька бацьку прашу пра асабістую сустрэчу і гатовы прывесці ўсе неабходныя гарантыі таго, што  дачка больш не будзе прыцягнутая да супрацьпраўных дзеянняў”, – дадаў Андрэй Сапега.

На прэс-канферэнцыі 14 чэрвеня кіраўнік Следчага камітэта Дзмітрый Гара паведаміў, што Сапезе прад’яўленае абвінавачванне па арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). Яна таксама з’яўляецца падазраванай па арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа