Бацька Зміцера Фурманава: Турбуемся за лёс сына
29-га траўня 2021 года мінае год, як за кратамі знаходзіцца палітзняволены Зміцер Фурманаў. Бацькі лічаць, што судовае пасяджэнне, на якім судзяць іх сына, цягнецца вельмі доўга.
Кажа Аляксандр Фурманаў, бацька Зміцера:
– Чатыры з паловай месяцы ідзе суд, суд ідзе незразумела як. Напрыклад, прызначаецца пасяджэнне на цэлы дзень, з раніцы праходзіць да абеду, пасля абеду ўжо па нейкай прычыне не. То не прыйшлі пацярпелыя міліцыянты і АМАПаўцы, якія затрымлівалі Ціханоўскага, калі з гэтай правакатаркай там завязаліся. То няма нейкіх сведак, то пятае, дзясятае, пераносяць суд ужо на наступны тыдзень. У лепшым выпадку на наступны тыдзень, а то дзён на дзесяць і больш. Гэта так зацягнулася, мы так ужо змучаліся, мы так стаміліся ад гэтага ўсяго, ад гэтай нявызначанасці, ад гэтых дачэпак.
Па яго словах, Зміцера доўга беспрычынна трымаюць за кратамі ў карцары:
– Наглядчык напісаў рапарт, што ён ляжаў. Запрасілі на гутарку да кіраўніцтва. Ён пачаў тлумачыць ім, што ён не ляжаў, а проста прысеў. Слухаць ніхто не захацеў. „Калі вы не хочаце мяне слухаць, то я вам і адказваць нічога не буду”. Пачаў гуляць у маўчанку, яго пытаюць, ён маўчыць у знак пратэсту. Яго адправілі ў карцар на сем сутак. Сем сутак прайшло, 25-га чысла ён павінен быў быць вызвалены. Я 25-га патэлефанаваў дзяжурнаму, удакладніць вызвалілі ці не. „Так, вызвалілі”. 26-га мы паехалі, павезлі яму перадачу, плюс мы загадзя папрасілі ў суддзі дазвол на спатканне. Прыязджаем, ён зноў у карцары. Пачынаем разбірацца, ніхто нічога не тлумачыць.
Нагадаем, што Зміцера Фурманава затрымалі ў цэнтры Гародні, калі ён збіраў подпісы за Сяргея Ціханоўскага. Хлопца затрымалі супрацоўнікі міліцыі разам з крэслам на якім ён сядзеў. Яго бацькі разам з дзяўчынай трымалі галадоўку ў Менску каля Валадаркі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня