Бацькі дзяцей-наркаманаў становяцца ахвярамі махляроў
У Беларусі пачынаюцца спекуляцыі на рэабілітацыі маладзёнаў залежных ад сінтэтычнага наркотыка, які атрымаў шырокую папулярнасць пад назвай „спайс”. Да некваліфікаваных асобаў, а часам махляроў, трапляюць бацькі ды сваякі, якія імкнуцца дапамагчы блізкаму чалавеку. Ім абяцаюць, што дапамогуць за некалькі дзён.
Медыкі заклікаюць грамадзян звяртацца па дапамогу ў дзяржаўныя ўстановы альбо ў грамадскія арганізацыі, якія займаюцца гэтай праблемай і маюць вялікі досвед. Адной з такіх з’яўляецца арганізацыя „Маці супраць наркотыкаў”.
Старшыня Пінскага гарадскога філіялу Дыяна Ярмалюк адзначае, што працэс рэабілітацыі не можа быць хуткім:
– Толькі праходзячы пэўныя праграмы, якія доўгатэрміновыя, можна дапамагчы чалавеку атрымаць той сацыяльны статус, якога ён быў пазбаўлены раней. Рэабілітацыя сама па сабе прадугледжвае працягласць – гэта год знаходжання на рэабілітацыі і яшчэ паўгода адаптацыі. Толькі пасля можна нешта казаць, што пасля рэабілітацыі чалавека адбудзецца яго рэсацыялізацыя ў грамадстве і ён зможа рухацца далей, як звычайны чалавек.
Акрамя таго, перад працэсам рэабілітацыі, нарказалежны мусіць атрымаць псіхалагічную дапамогу, мець матывацыю і жаданне вярнуцца да нармальнага ладу жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя