Бацькі загінулай дзяўчынкі будуць судзіцца з дзяржавай
Бацькі загінулай у мінулым годзе пры ўборцы бульбы на калгасным полі 13-гадовай школьніцы Вікторыі Папчэні з Маладэчна падалі ў суд на дзяржаву. Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Леанід Судаленка, які прадстаўляе інтарэсы бацькоў у гэтай справе, лічыць, што дзяржава ў асобе чыноўнікаў парушыла права гэтай дзяўчынкі на жыццё.
Заганную практыку прымусовай працы на палях сельгаспрадпрыемстваў трэба спыніць, кажа Леанід Судаленка:
– Гэту скаргу мы пачынаем як стратэгічную скаргу, накіраваную ў Камітэт ААН па правах чалавека, дзе мы падымем пытанне пра тое, што праз прымусовую працу школьнікаў Беларусь парушыла ў дадзеным канкрэтным выпадку, калі загінула дзяўчынка, права дзіцяці на жыццё. Гэта мусіць быць апошняя смерць дзіцяці на калгасным полі.
У сувязі з гібеллю школьніцы Вікторыі Папчэні начальніка аддзела адукацыі і дырэктара школы пакаралі вымовамі, два намеснікі дырэктара пераведзены ў настаўнікі. Леанід Судаленка лічыць, што начальнік аддзела адукацыі і кіраўніцтва школы павінны не толькі панесці дысцыплінарныя пакаранні, але іх таксама неабходна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.
Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.