Бацькі змагаюцца за беларускамоўнае навучанне дзяцей
Бацькі дзвюх дзяўчынак Ясі Малашчанкі і Алісы Філіпчык з Баранавіч змагаюцца за навучанне сваіх дзяцей на беларускай мове. Дзяўчынкі пайшлі ў 6 клас гімназіі №4. Летась яны вучыліся па-беларуску ў рускамоўным класе. Цяпер жа дырэктар адмовіў ім і ў гэтым, хоць Міністэрства адукацыі ўхваліла.
Кажа маці Ясі Таццяна Малашчанка:
— Мы ездзілі ў міністэрства, і яно дало станоўчы адказ. Нам распісалі, як зрабіць, каб навучанне было хоць і ў рамках расейскамоўнага класа, але па-беларуску. Шэсць дысцыплінаў па-беларуску, а астатнія – разам з класам: расейская мова, беларуская мова, фізкультура і гэтак далей. У прынцыпе, так, як мы і хацелі, толькі гэта не выконваецца ў школе. Дырэктар сказаў, што не будзе гэтага рабіць за кошт факультатыўных гадзінаў. Міністэрства таксама незадаволенае, што іхны загад не выконваецца, і я не ведаю, што цяпер будзе. Мы запісаліся яшчэ на прыём да самога міністра на кастрычнік…
Паводле Таццяны Малашчанкі, у 1995 годзе хапіла дзвюх заяў ад бацькоў, каб ператварыць беларускі клас у рускі. А цяпер па дзвюх заявах нават немагчыма вучыцца на роднай мове ў рускім класе. Яна лічыць гэта злачынствам у дзяржаўным маштабе.
Беларускае Радыё Рацыя