Бацьку і сына Чарнавусаў пераследуюць за збор подпісаў супраць дэкрэта №3



Баранавіцкая міліцыя нават у выходны дзень працягвае паляваць на Чарнавусаў, якія актыўна збіраюць подпісы супраць дэкрэта №3. Аб тым, што міліцэйскі аўтамабіль спыніўся ля іх дома і была спроба трапіць людзей у форме ў дом, паведаміў Міколе (старэйшаму) сусед. Дома былі толькі дзеці, якія не пусцілі няпрошаных гасцей у дом, кажа Мікола Чарнавус (малодшы):

– Як нейкага злачынцу шукаюць мяне. Мне пазванілі і сказалі, што прыехалі да майго дома двое, грукаліся ў дзверы. Я так разумею, што хочуць уручыць павестку, каб з’явіўся падпісаць пратакол за дзеянні, якія я не здзяйсняў.

Паводле Міколы, на бацьку 9 лютага быў складзены пратакол нібы за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства ля падаткавай інспекцыі. А гэта быў збор подпісаў супраць падатка на „дармаедства” з перадачай часткі подпісаў начальніку падаткавай.

Беларускае Радыё Рацыя