Батумі: «Ноч растраляных паэтаў»
У цэнтры грузінскага Батумі адбылася акцыя «Ноч растраляных паэтаў» у якой удзельнічалі беларусы з розных частак Аджарскага краю. Гучалі вершы паэтаў, што загінулі ў 1937 годзе, а таксама тых, хто знаходзіцца за кратамі ў сучаснай Беларусі.
Акцыя сабрала больш за паўсотні ўдзельнікаў, што жывуць па розных кропках Аджарыі: з Батумі, Чакві, Гоніё, Махінджауры, Кабулеці.
— Беларускія галасы не могуць гучаць на радзіме так, як яны гучалі ў папярэднія гады. Нашая задача зрабіць так, каб яны гучалі так хаця б тут. І для нас важна не губляць сувязь з Беларуссю.
— Не столькі дзеля мёртвых, а дзеля жывых. Нам трэ бачыцца, захоўваць нашую памяць і нашую супольнасць.
— Беларусам вельмі важна быць на такіх імпрэзах, каб адчуць плячо свайго сябра, людзей, што разумеюць гэтую гісторыю, а таксама парэфлексаваць на тыя тэмы, што былі важныя 100 гадоў таму, і якія, на жаль, ці на шчасце, застаюцца важнымі дагэтуль.
Акцыя цягнулася больш за 2 гадзіны і ў ёй апроч беларусаў прынялі ўдзел прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Батумі.
Мерапрыемства складалася з дзвюх частак: імправізаванага шэсця са знічкамі да парку 6 мая і менавіта акцыі, дзе гучалі вершы паэтаў растраляных у 1937 годзе.
Сваімі ўражаннямі з акцыі дзеліцца кіраўнік «Беларускай дыяспары ў Аджарыі» Аляксей Балашоў:
— Улічваючы якая сітуацыя цяпер у беларусаў апошнім часам, у тым ліку, „дзякуючы“ пашпартнаму ўказу, багата раз’язджаецца. Дыктатура дасягнула сваіх нейкіх мэтаў, але я думаў ненадоўга. Людзі прыйшлі, актыўна бралі ўдзел, чыталі вершы, было супольнае натхненне. Так што жывём далей.
Па словах Аляксея Севярыненкі, прадстаўніка ўкраінскай дыяспары ў Батумі, украінцам таксама важна было быць разам з беларусамі ў такі дзень:
— Беларусь – нашая братэрская краіна, а беларусы сапраўды братэрскі народ. Бо змаганне беларусаў за волю і нашая вайна з Расеяй. Гэта не дзве розныя вайны, гэта агульнае змаганне. Калі мы пераможам, пераможа і Беларусь, калі пераможа Беларусь, пераможам і мы. Нашая перамога над Расеяй не будзе поўнаю, пакуль не будзе вызваленая Беларусь.
Апроч вершаў рэпрэсаваных у 1937 годзе беларусы Батумі таксама ўзгадалі пра тых загінулых, хто з 2020 года памёр за кратамі, альбо скончыў жыццё самагубствам, не вытрымаўшы здзекі ад рэжыма Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя