БАЖ: Абмежаванне дзейнасці „Белсата” будзе спрыяць распаўсюду прапаганды
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) занепакоеная планамі польскіх уладаў радыкальна рэфармаваць і значна скараціць фінансаванне тэлеканала „Белсат”. Пра гэта гаворыцца ў заяве рады БАЖ, апублікаванай 30 снежня на сайце журналісцкага аб’яднання.
„Мы лічым, што тэлеканал „Белсат” стаў адным са значных элементаў нацыянальнай сістэмы СМІ, — адзначаецца ў дакуменце. — Дэ-факта ён выконвае ў беларускай інфармацыйнай прасторы ролю, якую да гэтага часу не жадае выконваць дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі, — арыентаванай на беларускамоўнага гледача крыніцы ўзважанай інфармацыі пра падзеі ў краіне і свеце„.
„Белсат”, на думку кіраўніцтва БАЖ, апроч іншага з’яўляецца „эфектыўным мостам паміж беларускім і польскім народамі, інструментам для выбудоўвання паміж імі добрых адносін„. „Гэтая роля асабліва актуальная падчас інфармацыйнага супрацьстаяння крамлёўскай прапагандзе, абароны стандартаў аб’ектыўнай журналістыкі„, — лічаць прадстаўнікі аб’яднання.
Члены рады БАЖ таксама звярнулі ўвагу на тое, што ў выпадку закрыцця тэлеканала каля двухсот беларускіх журналістаў застануцца без працы, сродкаў да існавання і магчымасці працаўладкавацца ў Беларусі, паколькі за імі застанецца рэпутацыя крытыкаў дзейнай улады.
„Беларуская асацыяцыя журналістаў перакананая, што Беларусі надзвычай неабходна нацыянальнае грамадскае тэлебачанне, а абмежаванне дзейнасці „Белсата” значна аддаліць яго з’яўленне і будзе спрыяць распаўсюджванню ў Беларусі пазбаўленай процівагі прапаганды„, — падкрэслілі аўтары заявы.
Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне „Белсата” і аб магчымым пераводзе тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне паведаміла 15 снежня польскаму выданню wPolityce.pl дырэктар „Белсата” Агнешка Рамашэўска-Гузы. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі.
Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі расказаў аб планах польскага ўрада аб’яднаць усе замежныя рэдакцыі TVP Polonia ў адну. Ён запэўніў, што беларуская рэдакцыя „Белсата” не будзе закрыта, а Агнешцы Рамашэўскай-Гузы „прапанавана праца ў TVP Polonia на высокай пасадзе”. „Журналісты беларускай рэдакцыі атрымаюць магчымасць далейшай працы. Яны змогуць працягнуць працу над парталам і ствараць матэрыялы для TVP Polonia”, — сказаў кіраўнік польскага МЗС.
Польскае выданне bankier.pl 29 снежня паведамілі, што Вашчыкоўскі пацвердзіў скарачэнне фінансавання „Белсата”. Чыноўнік заявіў, што прычынай таму сталі павелічэнне расходаў на польскія консульскія службы і павышэнне выдаткаў на падтрымку сірыйскіх бежанцаў.
„Я не хачу, але вымушаны”, — заявіў Вашчыкоўскі, кажучы аб скарачэнні фінансавання для тэлеканала.
Ён падкрэсліў, што польскі ўрад з’яўляецца не ўладальнікам „Белсата”, а толькі адным з донараў. „Белсат” мае магчымасць рэфармавацца, шукаць іншых донараў”, — сказаў Вашчыкоўскі.
Спадарожнікавы тэлеканал „Белсат” вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя „Белсата” размяшчаецца ў Варшаве.
БелаПАН