БАЖ далучылася да IFEX
Беларуская асацыяцыя журналістаў стала паўнавартасным сябрам Міжнароднай асацыяцыі абароны свабоды слова (IFEX), якая ўключае ў сябе больш за 80 арганізацый з 60 краінаў свету. Што азначае для асацыяцыі журналістаў уваходжанне ў IFEX, тлумачыць прэс-сакратар БАЖу Барыс Гарэцкі:
– Уступленне ў IFEX азначае для БАЖу і Беларусі тое, што праблемы, якія ёсць у нас, мы можам абмяркоўваць з калегамі ва ўсім свеце. Калі прадстаўнікі журналісцкай супольнасці разам змагаюцца, разам імкнуцца нешта змяніць з дапамогай міжнародных арганізацый, то вельмі часта гэта прыводзіць да посьпеху. Менавіта таму і важна ўступленне БАЖу ў IFEX.
Старшыня Беларускай асацыяцыи журналістаў Андрэй Бастунец падчас кангрэсу IFEX распавёў пра гісторыю стварэння БАЖу, накірункі яе дзейнасці, дасягненні і ўзнагароды.
Міжнародную асацыяцыю абароны свабоды слова IFEX заснавалі ў 1992 годзе дванаццаць няўрадавых арганізацый у Канадзе з ініцыятывы Канадскага камітэта абароны журналістаў. Арганізацыя дапамагае мабілізавацца ў выпадках патрэбы ў абароне як асобным журналістам, так і СМІ ды праваабаронцам. Найперш гэта петыцыі, супольныя заявы, місіі, лабіяванне ды назіранне за судамі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя