БАЖ: Гэта сур’ёзныя перашкоды для доступу да інфармацыі
Сітуацыю з затрыманнем фрылансера Аліны Скрабуновай журналісцкая супольнасць разглядае як спробу запалохаць незалежныя СМІ. Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў з Магілёва і Бялыніч накіравалі калектыўны зварот ва Упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, гарвыканкам і аблвыканкам.
Каментуе прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:
– Апошнія два гады гэтая кампанія ўзмоцнілася да немагчымых узроўняў. Міліцыянты карыстаюцца любымі сродкамі, каб пагоршыць працу гэтых журналістаў, як прававымі метадамі, так і не прававымі. Камусьці ўручаюць позву, камусьці складаюць пратаколы, бясконцыя штрафы, а кагосьці вось так пільнуюць пад пад’ездам, спрабуюць зацягнуць у міліцыю. Усё, што адбываецца вакол журналістаў Белсата і ў прыватнасці сітуацыя ў Магілёве – гэта сур’ёзныя перашкоды для доступу да інфармацыі і для свабоды слова ў Беларусі.
„21 траўня была гвалтоўна затрыманая і дастаўленая ў Ленінскі аддзел міліцыі журналістка-фрылансер Аліна Скрабунова. Затрымлівалі журналістку людзі ў цывільным. Машына, у якой двое мужчын прыехалі за Скрабуновай, была не службовая. Усё гэта выглядае як выкраданне чалавека, а не яго законнае затрыманне”, — гаворыцца ў звароце сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя