БАЖ і недзяржаўныя медыя патрабуюць спыніць пераслед журналістаў
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) і рэдакцыі недзяржаўных медыя выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць спыніць пераслед журналістаў і абмежаванне свабоды выказвання меркавання. Тэкст заявы апублікаваны на сайце БАЖ.
„На працягу ўсяго двух дзён — 19 і 20 чэрвеня — у Беларусі былі затрыманыя падчас выканання прафесійных абавязкаў як мінімум 14 журналістаў, — зазначаецца ў дакуменце. — Прычым большасць з затрыманых мелі пасведчанні журналістаў, як таго патрабуе заканадаўства аб СМІ, і гатовыя былі прад’явіць іх па патрабаванні, а таксама былі вельмі прыкметна абазначаныя як супрацоўнікі СМІ адпаведнымі камізэлькамі і бэйджамі”.
„Некаторыя з затрыманых журналістаў, у прыватнасці Аляксандр Пазняк і Сяргей Багроў, былі збітыя падчас затрымання ў Ганцавічах. Прычым напады (складана падабраць іншае слова) супрацоўнікаў міліцыі на журналістаў часцяком адбываліся ў прамым эфіры, і парушэнні правоў журналістаў былі відавочнымі”, — падкрэслілі аўтары заявы.
У дакуменце звяртаецца ўвага на тое, што закон аб СМІ „замацоўвае права журналіста ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю”. Журналісты, затрыманыя ў канцы мінулага тыдня, „трымаліся патрабаванняў заканадаўства ў адрозненне ад супрацоўнікаў сілавых структур, якія груба парушылі іх правы”.
Гэтыя падзеі сталі „квінтэсенцыяй абмежавання права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і свабоды выказвання меркавання, замацаваных у Канстытуцыі”.
У заяве таксама падкрэсліваецца, што апошнім часам „журналісты і СМІ пастаянна сутыкаюцца з адмовамі ў магчымасці прысутнічаць на пасяджэннях дзяржаўных органаў, у даванні афіцыйнай інфармацыі па значных для грамадства пытаннях”, напрыклад аб пандэміі COVID-19 і выбарах, а таксама „падвяргаюцца пераследу ў выглядзе штрафаў і пагроз з боку дзяржаўных органаў (у тым ліку пагрозы пазбавіць СМІ і журналістаў акрэдытацыі), затрыманням”.
У сувязі з гэтым БАЖ і рэдакцыі беларускіх СМІ патрабуюць ад кампетэнтных дзяржаўных органаў строга выконваць артыкулы Канстытуцыі, „якія гарантуюць свабоду выказвання меркавання, права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і забарону цэнзуры”; спыніць пераслед журналістаў недзяржаўных СМІ, фрылансараў і журналістаў замежных СМІ за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў.
Ад улад запатрабавалі „роўнага стаўлення ў частцы акрэдытацыі, давання інфармацыі” і строгага выканання артыкула Канстытуцыі, „які гарантуе ўсім роўныя правы і роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцяў і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці”.
Таксама неабходна спыніць дзяліць СМІ „пры забеспячэнні права на доступ і распаўсюд інфармацыі на дзяржаўныя і недзяржаўныя, пажаданыя і непажаданыя, зручныя і нязручныя” і спыніць „перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў”.
„Патрабуем даць прававую ацэнку дзеянням прадстаўнікоў сілавых структур пры затрыманні журналістаў і перашкодзе іх дзейнасці; прыцягнуць вінаватых да адказнасці на падставе арт. 198 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за перашкоду ў якой бы там ні было форме законнай прафесійнай дзейнасці журналіста альбо прымус яго да распаўсюду ці адмовы ад распаўсюду інфармацыі, здзейсненыя з ужываннем гвалту ці з пагрозай яго ўжывання, знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, ушчамленнем правоў і законных інтарэсаў журналіста”, — гаворыцца ў дакуменце.
Сумесную заяву акрамя БАЖ падпісалі рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, „Радыё Свабода”, „Еўрапейскага радыё для Беларусі”, партала TUT.by, інтэрнэт-часопіса CityDog.by, інтэрнэт-выданняў „Наша Ніва”, „Салiдарнасць”, Hrodna.life, газет „Новы Час”, „Народная Воля”, „Комсомольская правда” в Белоруссии”, „Рэгіянальнай газеты”, „Брестской газеты”, „Белгазеты”, інтэрнэт-рэсурсу „Беларускі партызан”.
Найбліжэйшым часам заява будзе накіраваная ў шэраг дзяржаўных органаў, уключаючы Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржбяспекі.
belapan.by