БАЖ падвяла вынікі рэпрэсіяў супраць журналістаў у 2021 годзе



Летась Беларусь прызналі самай небяспечнай краінай у Еўропе для работнікаў медыя. Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала справаздачу за 2021 год. Ціск на незалежную прэсу Беларусі і грамадзянскую супольнасьць ўзмацніўся. Рэпрэсіі ў дачыненні да недзяржаўных журналістаў і СМІ былі накіраваныя на знішчэнне незалежнага медыясектара. Многія рэдакцыі незалежных СМІ рэлакаваліся і працягнулі працу з-за мяжы, піша БАЖ.

У лютым і ліпені ў офісе БАЖ у Менску і кватэрах яе супрацоўнікаў прайшлі вобшукі, забралі дакументы і абсталяванне. Арыштавалі офіс БАЖ і рахунак арганізацыі. У жніўні Вярхоўны суд па позве Міністэрства юстыцыі ліквідаваў «Беларускую асацыяцыю журналістаў».

У 2021 годзе БАЖ зафіксаваў 113 затрыманні журналістаў, 29 разоў журналістаў асуджалі да адміністрацыйных арыштаў.

За год прайшло 146 вобшукаў у дамах журналістаў і рэдакцыях незалежных СМІ, сярод іх у ліпені — 75. Падставай сілавікі часьцей за ўсё называлі расследаваньне крымінальных спраў.