БАЖ патрабуе ад уладаў „спыніць атаку” на tut.by і іншыя медыярэсурсы
Грамадскае аб`яднанне „Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) патрабуе ад уладаў неадкладна спыніць атаку на tut.by і рэпрэсіі супраць іншых медыя і журналістаў. Аб гэтым гаворыцца ў распаўсюджанай 18 траўня заяве БАЖ.
Як нагадвае Беларуская асацыяцыя журналістаў, раніцай 18 траўня дэпартамент фінансавых расследаванняў прыйшоў з вобшукамі ў рэдакцыю, да журналістаў і рэдактараў найбольш папулярнага беларускага інтэрнэт-партала tut.by. Амаль адначасова tut.by быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі. Вобшукі адбываюцца таксама ў рэдакцыях структурных падраздзяленняў tut.by — av.by, rabota.by.
„Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць гэтыя факты працягам наступу на свабоду слова. Спасылкі ўладаў на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў”, — падкрэсліваецца ў заяве.
У БАЖ нагадалі, што гэта не першыя спробы націску на найбуйнейшы беларускі інфармацыйны партал. У жніўні 2018 года некалькі рэдактараў tut.by трапілі пад крымінальны пераслед па „справе БелТА”, на пачатку 2019 года галоўны рэдактар партала Марына Золатава была па гэтай справе асуджаная. У канцы 2020 года tut.by пазбавілі статусу СМІ, неаднойчы на яго адрас з боку службовых асоб гучалі пагрозы заблакаваць дзейнасць.
„Сённяшнія дзеянні ў дачыненні да найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з`яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад. На раніцу 18 траўня за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 16 журналістаў і медыяспецыялістаў, 11 з іх — па крымінальных справах”, — гаворыцца ў заяве.
Тыдзень таму, нагадвае БАЖ, прадстаўнікі медыясектара падпісалі адкрыты супольны зварот „Спыніць паляванне на ведзьмаў!”. У арганізацыі падкрэсліваюць: дзеянні супраць tut.by, av.by і rabota.by паказваюць, што „гэты заклік пакуль не пачуты”.
***
Вобшукі ў кватэрах галоўнага рэдактара tut.by Марыны Золатавай, яе намесніка Максіма Гайко і журналісткі Алены Талкачовай працягваюцца, паведамляе тэлеграм-канал партала.
„Сёння раніцай супрацоўнікі ДФР прыйшлі з вобшукам да рэдактараў tut.by Ганны Рудэнкі і Вольгі Саўкіў, зараз яны на волі. Вобшук скончыўся блізу абеду. Як перадаюць нашы калегі, у іх канфіскавалі ўсю тэхніку (камп’ютары, тэлефоны, у тым ліку непрацоўныя), а таксама банкаўскія карты. Вобшук праходзіў у межах крымінальнай справы ў дачыненні да гендырэктара і галоўнага бухгалтара кампаніі”, — гаворыцца ў паведамленні.
„Працэсуальнага статусу ў рэдактараў няма. Аператыўнікі растлумачылі, што прыйшлі да супрацоўнікаў tut.by, таму што ў іх дома могуць знаходзіцца доказы па справе. У наступным, кажуць супрацоўнікі ДФР, рэдактараў могуць выклікаць на допыт”, — адзначае партал.