БАЖ патрабуе неадкладна вызваліць з-пад варты журналістак Барысевіч, Андрэеву і Чульцову
Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) патрабуе неадкладнага вызвалення з-пад варты журналістак Кацярыны Барысевіч, Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай і спынення іх крымінальнага пераследу. Адпаведная заява апублікаваная на сайце БАЖ.
У ёй адзначаецца, што на працягу апошніх дзён улады затрымалі і адправілі ў следчыя ізалятары трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі.
Карэспандэнтка партала tut.by Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцці медыцынскай таямніцы збітага да смерці Рамана Бандарэнкі (у артыкуле яна прыводзіць сведчанне лекара аб адсутнасці ў крыві Рамана Бандарэнкі алкаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў).
Карэспандэнткі тэлеканала „Белсат” Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб „арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на „плошчы Перамен” у Мінску 15 лістапада.
Акрамя іх па крымінальных справах праходзяць яшчэ шэсць журналістаў, якія застаюцца на свабодзе: Арцём Багаслаўскі, Дзмітрый Буянаў, Дзмітрый Дзмітрыеў, Зміцер Краўчук, Ягор Марціновіч і Сяргей Сацук.
Паводле звестак БАЖ, усяго за час выбараў і пасля іх ахвярамі пераследу сталі 390 журналістаў, з якіх 77 прайшлі праз адміністрацыйны арышт. „На 23 лістапада 14 нашых калег знаходзяцца ў ізалятарах часовага ўтрымання па адміністрацыйных або крымінальных справах. За кратамі застаюцца і блогеры, затрыманыя яшчэ ў перыяд выбарчай кампаніі”, — зазначае БАЖ.
Беларуская асацыяцыя журналістаў звяртае ўвагу, што „свабода выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі абавязацельствамі дзяржавы (у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 19)”.
БАЖ нагадвае, што перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста караецца ў крымінальным парадку (арт. 198 КК). Акрамя таго, Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за пераслед грамадзян за крытыку (арт. 197) і іншыя злачынствы супраць канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна (кіраўнік 23 КК).
Беларуская асацыяцыя журналістаў таксама патрабуе спыніць крымінальны пераслед і перагледзець судовыя пастановы аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці іншых журналістаў і грамадзян, „асуджаных за гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь выражэнне свайго меркавання і распаўсюд інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне”. Акрамя гэтага БАЖ патрабуе прыцягнуць вінаватых у парушэнні правоў журналістаў і грамадзян да адказнасці згодна з законамі.
БАЖ заклікае беларускую і міжнародную грамадскасць падтрымаць гэтыя патрабаванні.