БАЖ патрабуе спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў
Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе, каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў, іншых дзяржаўных органаў, спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў і ціск на іх усувязі з размяшчэннем імі матэрыялаў у замежных СМІ. Гэтае патрабаванне змешчана ў адмысловай заяве БАЖ у сувязі з узмацненнем ціску на карэспандэнтаў замежных медыя.
Кажа сябра праўлення асацыяцыі, каардынатар тэлеканала „Белсат” у Беларусі Міхась Янчук:
– Гэты артыкул, які прымяняецца ў гэтым годзе супраць журналістаў, увогуле не павінен супраць іх прымяняцца. Ён быў прыдуманы супраць нелегальнага выдавання прэсы тымі людзьмі, якія не маюць ліцэнзіі на гэта, а тое, што ён прымяняецца супраць журналістаў – гэта я лічу наўпроставае парушэнне заканадаўства. Думаю, што гэта нечая не вельмі мудрая галава ў вышэйшых эшалонах улады прыдумала, каб гэты артыкул мог прымяняцца супраць журналістаў. Дваццаць год дзейнасці пад лукашэнкаўскім рэжымам паказалі, што такія спробы запалохвання журналістаў не маюць абсалютна ніякага выніку.
„Беларуская асацыяцыя журналістаў” таксама заяўляе пра неправамернасць пераследу рэпарцёраў, чые імёны і матэрыялы з’яўляюцца ў замежных СМІ. Ціск на журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу і супярэчыць нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне забеспячэння свабоды распаўсюду інфармацыі”, – гаворыцца ў заяве БАЖ.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя